З клопатам пра здароўе | Дзяннiца

З клопатам пра здароўе

Версия для печатиВерсия для печати

Як заўжды, актыўна тэ­ле­фа­на­ва­лі шчучынцы на “прамую лі­нію” з удзелам галоўнага ўрача УАЗ “Шчучынская ЦРБ” Ста­ніс­ла­ва Георгіевіча Амбрушкевіча. За гадзіну паступіла 10 зваротаў, па­роў­ну агучаных гараджанамі і вяс­коў­ца­мі. Гэта былі не толькі пы­тан­ні, але і развагі, і пра­па­но­вы. А паколькі ў дыялог ус­ту­па­лі ў асноўным пажылыя людзі, не праміналі яны расказаць га­лоў­на­му доктару раёна і пра стан свайго здароўя.  

Жыхар вёскі Андрушоўцы пап­ра­сіў Станіслава Георгіевіча вы­ра­шыць пытанне з замацаваннем жы­ха­роў гэтага населенага пункта за гарадской паліклінікай. Маўляў, да Дэмбраўскай амбулаторыі, да якой “прыпісана” вёска, нязручна да­бі­рац­ца – прамога аўтобуснага мар­ш­ру­ту няма. Канешне, ма­ла­дым людзям прасцей – у многіх свой транспарт, а пенсіянерам, іх на сяле многа, трапіць у ам­бу­ла­то­рыю праблематычна. І хаця за­гад­чы­ца гэтай медустановы рэгулярна па графіку прыязджае на Лядскі ФАП і вядзе там прыём, аднак у хва­роб – свой распарадак, заў­ва­жыў мужчына.

С.Г. Амбрушкевіч прызнаў пра­па­но­ву вяскоўца слушнай, па­а­бя­цаў разгледзець гэта пытанне. І да­ба­віў, што дасць урачам раённай па­лік­лі­ні­кі даручэнне не адмаўляць у прыёме жыхарам Андрушоўцаў.

Маладая асоба, якая па мэ­та­вым накіраванні вучыцца ў ме­ды­цын­с­кім каледжы, пацікавілася: “Ці трэ­ба, атрымаўшы дыплом, ад­п­ра­цоў­ваць менавіта ў медустановах Шчу­чын­с­ка­га раёна?”. Хутчэй за ўсё дзяўчына і сама ведала адказ на пытанне, бо ў заключаным ад­мі­ніс­т­ра­цы­яй ЦРБ з навучэнкай да­га­во­ры прапісана важная ўмова: ма­ла­ды спецыяліст павінен вярнуцца на працу туды, адкуль атрымаў на­кі­ра­ван­не на вучобу.

– Адпрацаваць выпускніку мед­ка­лед­жа належыць тры гады, а ма­ла­до­му спецыялісту з дыпломам ВНУ – пяць гадоў, – удакладніла юрыс­кон­сульт А.С. Падзялінская, якая прысутнічала на “прамой лі­ніі”. – У выпадку адмовы гэта зра­біць давядзецца кампенсаваць усе вы­дат­кі на навучанне.

Жыхар г.п. Жалудок С.І. Юш­ке­віч патэлефанаваў на “прамую лі­нію” і падзякаваў галоўнаму ўрачу ра­ё­на, што пры размеркаванні ма­ла­дых спецыялістаў была ўлічана пат­рэ­ба мясцовай бальніцы ва ўра­чы-тэрапеўце. Вяскоўцу рас­т­лу­ма­чы­лі, чаму ў гэтай медустанове ня­ма хірурга. Наяўнасць стаўкі спе­цы­я­ліс­та такога профілю ў штат­ным раскладзе залежыць ад ко­ль­кас­ці насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі абслугоўвання ба­ль­ні­цы. На жаль, яно зменшылася.

Падзяку медыкам Шчучынскай і Ас­т­рын­с­кай бальніц, Навадворскай ам­бу­ла­то­рыі адрасаваў жыхар Та­ня­віч В.С. Санько. Работай на­вад­вор­с­кіх медыкаў, у прыватнасці, ура­ча Раісы Канстанцінаўны Ко­нан, задаволена і жыхарка вёскі Са­ві­чы Я.М. Будзько.

Некалькі зваротаў датычыліся пы­тан­ня выпіскі льготных рэцэптаў на медыкаменты.

– Цяпер ва ўсіх сферах дзей­нас­ці стаіць задача аптымізацыі рас­хо­даў, – патлумачыў Станіслаў Ге­ор­гі­е­віч. – Час патрабуе ад нас быць ашчаднымі, перагледзець свае выдаткі і зменшыць патрэбы. Ахо­ва здароўя – не выключэнне. Трэ­ба разумець, што льготны рэ­цэпт не значыць бясплатны. Такім чы­нам дзяржава бярэ на сябе аба­вяз­кі падтрымаць людзей, якія ма­юць сур’ёзныя захворванні: лекі, на­бы­тыя гэтымі пацыентамі, ап­лач­ва­юц­ца за кошт бюджэтных срод­каў.

Станіславу Георгіевічу давялося так­са­ма запэўніваць адну з га­рад­жа­нак, што “хуткая дапамога” не дзе­ліць пацыентаў на маладых і па­жы­лых, калі стаіць пытанне аб шпі­та­лі­за­цыі чалавека:

– Галоўны крытэрый у пытанні, змяш­чаць ці не змяшчаць чалавека на бальнічны ложак, – стан здароўя па­цы­ен­та. Урач сам вырашае, які вы­па­дак экстраны, а які не. Што да ўзрос­ту, то на сённяшні дзень у ста­цы­я­на­ры бальніцы лечацца і 90-гадовы, і 100-гадовы пацыенты.

Давялося тлумачыць тэ­ле­фон­на­му суразмоўцу і пра парадак зна­ход­жан­ня ў дзённым стацыянары пры паліклініцы. У прыватнасці, тое, што пацыент можа прыйсці на ля­чэн­не з лякарствамі і сістэмамі, на­бы­ты­мі самастойна, або ап­ла­ціць за іх непасрэдна ў бальніцы.

Жыхар Шчучына, пенсіянер па ўзрос­це, расказаў, што кожны год пра­ходзіць шафёрскую камісію. “Чаму кожны раз патрэбна па­пя­рэд­не запісвацца?” – пацікавіўся ча­ла­век.

– Усе ведаюць, што серада і чац­вер – “шафёрскія дні”. Каб ад­рэ­гу­ля­ваць паток прыйшоўшых на пры­ём людзей, і ўведзены па­пя­рэд­ні запіс. У іншым выпадку ля ка­бі­не­таў урачоў было б то густа, то пус­та, – патлумачыў С.Г. Ам­б­руш­ке­віч. – Паколькі Вы плануеце прай­с­ці камісію ў жніўні, раіў бы за­пі­сац­ца ў ліпені.

На заканчэнне галоўны ўрач на­га­даў, што для захавання і ўма­ца­ван­ня здароўя кожнаму з нас трэба пас­та­ян­на і сістэмна працаваць над сабой, і пажадаў шчучынцам не знацца з хваробамі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.