Увага: віктарына! Ці ведаеш ты свой край? | Дзяннiца

Увага: віктарына! Ці ведаеш ты свой край?

Версия для печатиВерсия для печати

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама аб’яўляе віктарыну “Захаваем нашу гістарычную спадчыну”,  прымеркаваную да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін.

Вы добра ведаеце гісторыю нашай Шчучыншчыны? Тады гэты конкурс для вас! Адказы з паметкай “Віктарына” дасылайце на электронную пошту ideolog_2007@mail.ru да 9 красавіка. Не забудзьце паведаміць свае прозвішча, імя, адрас і кантактны тэлефон. Пяцёра першых удзельнікаў, якія дашлюць лісты з правільнымі адказамі, будуць узнагароджаны падарункамі.

Даведка:

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін адзначаецца з 18 красавіка 1984 г. На тэрыторыі Шчучынскага раёна знаходзіцца 45 гісторыка-культурных каштоўнасцяў, у склад якіх уваходзяць 67 аб'ектаў. Багатую гісторыка-культурную спадчыну ўяўляюць шматлікія помнікі архітэктуры: княжацкія палацы ў Жалудку і Шчучыне, выдатныя помнікі культавага дойлідства -- царква-крэпасць у в. Мураванка, неагатычныя касцёлы ў аг. Ражанцы, в. Старыя Васілішкі , аг. Каменка і многія іншыя.

Пытанні віктарыны

  1. Прывядзіце сучасную назву населенага пункта Шчучынскага раёна, які ўпершыню ўзгаданы ў Іпацеўскім летапісе пад 1253 годам як славянская крэпасць на Нёмане.
  2. Назавіце населены пункт Шчучынскага раёна, дзе ў 1496 годзе адбыўся Сойм, падчас якога вялікі князь Аляксандр падпісаў прывілей на наданне гораду Гродна Магдэбургскага права.
  3. Васілішкі – першае паселішча ў межах сучаснага раёна, якое названа ў пісьмовых крыніцах горадам (“местам”). У якім годзе гэта адбылося?
  4. Гэты храм першапачаткова будаваўся як пратэстанцкая кірха. У сярэдзіне ХVII стагоддзя ён стаў каталіцкім, а пасля перабудовы ў 1827 годзе паводле праекта архітэктара Х. Марконі лічыцца адным з першых у Беларусі помнікаў рэтраспектыўна-гатычнага стылю.
  5. 8 сакавіка 1706 года шведскі кароль Карл ХІІ ледзь не патануў, праваліўшыся пад лёд на Нёмане. Назавіце населены пункт раёна, каля якога адбыўся гэты выпадак.
  6. Як вядома, у 1761 годзе Шчучын атрымаў прывілей на Магдэбургскае права. На сучасным гербе горада адлюстравана манаграма са старажытнай пячаткі, якая складаецца з лацінскіх літар І і S. Што яны азначаюць?
  7. У 1786 годзе ў Жалудку нарадзіўся знакаміты вучоны-заолаг, заснавальнік айчыннай арніталогіі. Назавіце яго імя і прозвішча.
  8. У 1841 годзе ў радавым маёнтку Мількаўшчына нарадзілася знакамітая польская пісьменніца Эліза Ажэшка. Назавіце населены пункт нашага раёна, дзе яе хрысцілі.
  9. У 1887 годзе Людвік Заменгоф стварыў эсперанта – штучную мову для міжнародных зносін. Назавіце імя ўраджэнца Шчучына, які быў аўтарам “Эсперанта-беларускага слоўніка”, а таксама старшынёй Галоўнай управы Таварыства беларускай школы, адным з заснавальнікаў і рэдактарам часопіса “Беларускі летапіс”.
  10. У 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу была заснавана першая легальная беларуская выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”, дзякуючы дзейнасці якой было выдадзена 38 кніг агульным накладам больш за 100 тысяч паасобнікаў. Назавіце імя і прозвішча нашага земляка, які ўзначаліў управу суполкі.
  11. Назавіце населены пункт Шчучынскага раёна, дзе можна ўбачыць сонечны гадзіннік, выраблены майстрам Малецкім ў Вільні ў другой палове XVIII стагоддзя.
  12. Першая вядомая назва гэтага населенага пункта – Забалоцце. Аднак на працягу сваёй гісторыі яна змянялася ажно 6 разоў. Як называецца гэты населены пункт сёння?
  13. На тэрыторыі Шчучынскага раёна знаходзіцца аб’ект, які праходзіць праз тэрыторыю 10 еўрапейскіх краін і ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Назавіце гэты аб’ект.
  14. Пазнайце партрэты вядомых землякоў і запішыце іх імёны:

15. Выпраўце памылкі ў табліцы:

Сцяпан
Пятровіч
Шупеня
Савецкі танкіст
Гераічна загінуў 14 лістапада 1943 года ў баі з гітлераўцамі каля вёскі Пілаўня
 
Валянцін
Валянцінавіч
Аляксандраў
Першы сакратар Шчучынскага райкама партыі
13 ліпеня 1944 года першым уварваўся ў Шчучын на танку Т-34
Васіль
Якаўлевіч
Пярвушын
Воін-дэсантнік, партызан брыгады імя Ленінскага камсамола
18 красавіка 1943 года ўзначаліў партызанскае злучэнне Шчучынскай зоны