Прыцяжэнне Бацькаўшчыны

 

На ўездзе ў вёску Сямягі стаіць акуратны, дагледжаны дом. У палісадніку цесна ад пярэстых кветак, чысценька на падворку і навокал. Падыходзячы да брамкі, адчуваеш пах свежай фарбы: шалёўка на будынку нядаўна пафарбавана ў яркія колеры. Такой вось пасвяжэлай гэта сядзіба ў хуткім часе прыме гасцей. Нагода надараецца добрая – 80-гадовы юбілей гаспадара.

 

Вось ужо амаль чвэрць стагоддзя, як Антон Іванавіч Асовік на заслужаным адпачынку. Цяпер ён і жонка Ніна Фамінічна атулены клопатам і любоўю родных і блізкіх. Часта ў буднія дні, а па выхадных – абавязкова, ля дома Асовікаў выстройваецца шарэнга машын: прыязджаюць у госці дзеці, унукі і праўнукі. Хаця сказаць “у госці” – будзе няправільна. Работа ў вёсцы заўсёды знойдзецца. Вось ужо звініць бензакаса ў руках аднаго ўнука, кіруе на мотаблоку другі… А дзядуля Антон з-пад цяністай вярбы толькі курыруе рабочы працэс. І так правільна, бо за сваё жыццё гэты мужчына напрацаваўся як след. Яго механізатарскі стаж – 40 гадоў.

 

– Скончыў я дзесяць класаў, потым вучылішча механізацыі ў Казлоўшчыне, адслужыў у арміі, дарэчы, у танкавым падраздзяленні, – размерана апавядае Антон Іванавіч. – І ў 1964 годзе пайшоў на працу ў калгас “Шлях Леніна”. Першы мой трактар – “МТЗ-2”, без кабіны, я на ім на свінаферме ў Сухарах кармы падвозіў. Потым перасеў на гусенічны “ДТ-54”. За яго штурвалам правёў ажно 10 год. Часам даводзілася працаваць суткамі. І з плугамі ў счэпцы выязджаў, і аміяк на палеткі ўносіў. У напарніках у мяне былі трактарысты-рабацягі з нашай вёскі Мікалай Байгот і Аляксей Заенчукоўскі… Бывала, не толькі пылу наглытаешся. Як едзеш за ветрам – не ўседзіш у кабіне ад рэзкаха паху аміяку. Такія вось былі ўмовы працы. Ды і зараблялі няшмат – рублёў 50-60 ад сілы.

 

А потым Антон Асовік перасеў за руль “МТЗ-80”, на ім ажно да пенсіі і працаваў. Яго трактар можна было ўбачыць і з сеялкай, і з цюкавальнікам, і з саджалкай ды капалкай… Дзе была большая патрэба, там “Беларус” і выкарыстоўваўся. Напружаная і сумленная праца ў кіраўніцтва незаўважанай не заставалася. Антон Іванавіч Асовік не раз вяртаўся дамоў са справаздачных сходаў з ганаровымі граматамі, а ў 1981 годзе яго ўзнагародзілі медалём “За працоўную доблесць”. Уручалі ў Шчучыне, урачыста і прынародна. “А потым з сябрамі-трактарыстамі мы крыху адзначылі такую падзею”, – смяецца субяседнік.

 

img_2306.jpg

 

Антон Іванавіч аформіў пенсію ў 55, як кажа, па механізатарскіх ільготах. Але без справы не сядзеў: яшчэ шэсць год быў вартаўніком на ферме. Дарэчы, на гэтай жа ферме многа адпрацавала даяркай і жонка Ніна Фамінічна. “З 9 мая пайшоў 57-ы год, як мы разам”, – зазначае яна. Муж і жонка ўспамінаюць, як некалі зарэгістравалі свой шлюб. Як старшыня калгаса адмовіўся выдзеліць машыну, калі дазнаўся, што маладыя хочуць вянчацца. Але ці ж гэта перашкода? Сабраліся і пайшлі, балазе, храм недалёка. А за іх вясельным сталом тады было багата народу! І ўсё родныя, бо і Антон Іванавіч, і Ніна Фамінічна не толькі з аднае вёскі, але і з мнагадзетных сем’яў: у яго бацькоў было пяцёра дзяцей, у яе – сямёра! “Раслі адны ў адных на вачах, жылі небагата, мо таму і сышліся”, – разважаюць цяпер вяскоўцы. А потым сталі пакрысе абжывацца.

 

І дом, які ўзводзіў яшчэ бацька Антона Іванавіча, перабудавалі. Цяпер тут светла, чыста і ўтульна. А па ўсіх падаконніках вазоны стаяць. Такая прыгажосць – вачэй не адвесці – справа рук дачкі Наталлі. Жыве яна ў Гродне, працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Дарэчы, яна ж ператварыла ў яркі кветкавы дыван і палісаднік пад вокнамі, і ўвесь падворак. “Любіць кветкамі займацца”, – кажуць бацькі. Наташа прыязджае ў Сямягі часта: сама водзіць машыну. Крыху радзей бывае дачка Валянціна, якая жыве ў Капцёўцы ля абласнога цэнтра і працуе бухгалтарам у мясцовай гаспадарцы. Бацькі не крыўдзяцца, кажуць, у Валі больш клопатаў, бо ўжо і сын Дзіма жанаты, і дачка Алена замужам, унукі ёсць. Дарэчы, бацькі задаволены абедзвюма дочкамі, радуюцца, што ў іх жыцці ўсё добра: і жыллё ёсць, і работа, і дастатак, і ў людзей павага.

 

… Падчас гутаркі гаспадыня дома незнарок прыгадала: у тую ноч, як спраўлялі вяселле, над вёскай бушавала моцная бура. Перачакалі непагадзь і забыліся. А вось душэўную боль з памяці не выкінеш: аднойчы сям’ю напаткала бяда – дачасна пайшла з жыцця дачка Святлана. Прыгожая была, добрая, разумная (скончыла медвучылішча з адзнакай). Засталіся без мамы два сыночкі. І тады яе бацькі доўга не раздумвалі – аформілі над хлопчыкамі апеку. Дзед Антон вучыў унукаў усяму, што ўмеў сам, а бабуля Ніна любіла, даглядала, аберагала. Дзякаваць Богу, абодва – Андрэй і Аляксандр – апраўдалі надзеі, выраслі дастойнымі людьмі, прыязджаюць з жонкамі і дзеткамі ў госці і дапамагчы па гаспадарцы. Талакою ўсталявалі ля дома арэлі і пясочніцу для самых малодшых (усіх праўнукаў у Асовікаў сямёра!). Калі збяруцца кампаніяй – шумна ў хаце. Старэйшыя шчыра радуюцца, гледзячы на дружную суполку. Госцейкі заўжды ад’язджаюць ад бабулі і дзядулі з гасцінцамі.

 

 Прыемна было размаўляць з землякамі, седзячы на лаўцы пад вярбой і адчуваючы подых лёгкага ветрыку… Але сонца хілілася да гарызонту, і Антон Іванавіч паспяшаўся ў дом: уключыў вялікі тэлевізар, дарэчы, падораны дзецьмі і ўнукамі на сямейны юбілей, каб паглядзець, што робіцца ў краіне і свеце. А потым паразважаць, ці варта сёння маладым імкнуцца ў горад. Мо зрабіць так як ён – ніколі нікуды не з’язджаць са сваёй бацькаўшчыны…

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!