Сустрэча з лірыкай | Дзяннiца

Сустрэча з лірыкай

Версия для печатиВерсия для печати

Год культуры натхніў старшыню праўлення раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Т.М. Кулакову і загадчыцу аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту А.Р. Шпакоўскую на арганізацыю для сваіх падапечных сустрэчы з паэтамі, якія жывуць у нашым горадзе.  Мерапрыемства ладзілася ў памяшканні Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі і пры непасрэдным удзеле работнікаў гэтай установы. Гасцямі сустрэчы сталі паэт Рычард Бялячыц і майстры вершаванага слова Святлана Кірылава і Марына Радзівон.

Гасцей  цёпла вітала бібліятэкар Наталля Аляксееўна Матошка. Яна падкрэсліла,  што Год культуры азнаменаваны 140-мі ўгодкамі нашай слаўнай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), і гэтаму юбілею будуць прысвечаны шматлікія мерапрыемствы.

Прысутныя  з цікавасцю слухалі вершы і расказ Рычарда Бялячыца пра жыццё і творчасць,  пазнаёміліся з некаторымі яго паэтычнымі зборнікамі. Літаральна на днях убачыла свет юбілейная кніга паэта пад назвай “Вяртанне пчалы”, дарэчы, адзін з раздзелаў зборніка --  “У святле палаца” -- прысвечаны Шчучыну.

Не пакінулі слухачоў абыякавымі вершы Святланы Кірылавай і Марыны Радзівон, абедзьве жанчыны працуюць у занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.  У  вершах-дыялогах Святланы Кірылавай многа гумару, аптымізму, яна проста і жыва апісвае жыццёвыя сітуацыі. А вершы Марыны Радзівон прасякнуты  пачуццём удзячнасці і любові да родных мясцін, сваіх землякоў.

Напрыканцы сустрэчы  І.С. Ціміжэўскі павіншаваў  цёплымі аўтарскімі радкамі прысутных жанчын з наступленнем вясны, а ўсе разам выканалі песню “Вёска мая…”. Удзельнікі мерапрыемства выказалі шчырую падзяку яго арганізатарам і зазначылі, што цікавыя зносіны – лепшае лякарства ў пажылым узросце.

Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Удзельнікі паэтычнай сустрэчы.