Як моладзь Шчучыншчыны лавіла “Мудрага Шчупака”  | Дзяннiца

Як моладзь Шчучыншчыны лавіла “Мудрага Шчупака” 

Версия для печатиВерсия для печати

Нядаўна на базе СШ №1 г. Шчучына прайшлі інтэлектуальныя гульні сярод працоўнай моладзі. За Кубак Шчупака-2016 змагаліся 18 каманд. Паспрабаваць свае сілы з’ехаліся эрудыты з розных куточкаў Шчучыншчыны: Васілішак, Жалудка, Астрыны, Вялікага Мажэйкава і іншых населеных пунктаў. 

Гучыць гімн эрудытаў, і кіраўнік раённага інтэлектуальнага клуба “Мудры Шчупак” Таццяна Чаславаўна Бадзюкова пачынае гульню. 

З заданнямі традыцыйнай гульні “Медыяазбука” ўсе каманды справіліся выдатна. А вось над пытаннямі “Сваёй гульні” давялося пакарпець. 

Узгадвалі вядомыя гарады і мястэчкі нашай краіны, паданні пра кветкі, звесткі пра буслоў, кнігі вядомых аўтараў. Прыйшлося ігракам паразважаць і нават пабыць паліглотамі. 

Цікавай і яркай была гульня “Што?Дзе? Калі?” Хто быў настаўнікам Аляксандра Македонскага, што вывучае навука брыялогія, хто з'яўляецца стваральнікам кветкавага гадзінніка, аўтарства якой кнігі прыпісваюць 40 аўтарам? На гэтыя і многія іншыя пытанні эрудыты шукалі адказы разам. Упарта змагаліся за перамогу інтэлектуалы РАНС, РАУС, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, завода “Аўтапровад”, масласырзавода, РУП ЖКГ, лясгаса, Жалудокскага агракомплексу, ЦРБ, ліцэя і мнігія іншыя. 
І вось падведзены вынікі. Пераможцай інтэлектуальных гульняў стала зборная каманда настаўнікаў раёна “Училки». Крыху саступіла ім каманда «Всегда рядом» цэнтра банкаўскіх паслуг № 424 у г. Шчучыне філіяла №400 ГАУ ААТ “ААБ Беларусбанк”. Замыкае тройку лідараў каманды «Стенокардия», якая абараняла гонар Шчучынскай раённай бальніцы. 

Пераможцы атрымалі граматы і падарункі ад арганізатараў мерапрыемства — РК БРСМ і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Капітан каманды з іранічнай назвай “Училки”— настаўнік гісторыі Жалудокскай СШ Павел Войкель — раскрыў сакрэт поспеху. Ён перакананы, што перамагчы дапамаглі добрая падрыхтоўка, эрудыцыя і камандны дух. Выкладчыкі гімназіі, першай і трэцяй гарадскіх школ, Жалудокскай СШ добрай гульнёй даказалі, што іх вучням ёсць з каго браць прыклад. Да таго ж гэтых маладых, крэатыўных інтэлектуалаў — Паўла Войкеля, Сяргея Стульгіса, Кацярыну Дзямідаву, Юлію Бахар, Вадзіма Нікульшына і Дзмітрыя Якусіка — аб’ядноўвае не толькі імкненне да энцыклапедычных ведаў, але і сяброўства.

– Колькасць аматараў інтэлектуальных гульняў з кожным годам павялічваецца, і гэта радуе, — гаворыць першы сакратар РК БРСМ Алена Богдзель. – Мы вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу ў правядзенні мерапрыемства Т.Ч. Бадзюковай і яе выхаванцам. Кубак Мудрага Шчупака як заўсёды прайшоў на пазітыўнай хвалі. 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.