Іх работа – ствараць камфорт для людзей | Дзяннiца

Іх работа – ствараць камфорт для людзей

Версия для печатиВерсия для печати

Нядаўна шчучынскія камунальнікі падвялі вынікі працы за мінулы год і намецілі шляхі вырашэння новых задач.

-- Летась мы зрабілі нямала для павышэння камфорту жыцця шчучынцаў і жыхароў раёна, -- падкрэсліў дырэктар РУП ЖКГ Д.В. Казаноўскі. – Сапраўдным экзаменам для нас стаў Дзень беларускага пісьменства, які мінулай восенню прайшоў у Шчучыне. Акурат да свята звыш плана капітальна адрамантавалі 10 жылых дамоў, выдаткаваўшы на гэта 8,4 млрд. рублёў. Усталявалі 1,4 км новых жалезабетонных агароджаў, пафарбавалі 2,7 тысячы метраў квадратных плоту. Ля возера ўстанавілі асвятленне коштам 479 млн. рублёў. А колькі кветак было высаджана ў цэнтры горада!

Не менш адказна камунальнікі падышлі і да падрыхтоўкі Шчучына да сустрэчы Новага года: райцэнтр патанаў у яркай ілюмінацыі, у гарадскім парку размясціўся казачны горад, а галоўная ёлка раёна была прызнана адной з самых прыгожых у вобласці.

-- Па выніках работы за мінулы год наша арганізацыя заняла 2 месца сярод прадпрыемстваў ЖКГ Гродзеншчыны, -- з гонарам зазначыў Дзмітрый Вячаслававіч. – Асабліва высокіх вынікаў удалося дасягнуць у эканоміі энергарэсурсаў. Аднаўляючы зношаныя цепласеткі, а мы пракладваем звыш 10 км новых труб штогод, значна паменшылі цепластраты – з 20% да 13%. А кожны працэнт – гэта 1,5 млрд. рублёў эканоміі. Будзем працаваць у гэтым накірунку і далей.

Аб рабоце прафсаюзнага камітэта РУП ЖКГ расказала яго старшыня Марына Станіславаўна Паўлюкевіч:

-- Сума матэрыяльнай дапамогі, выплачанай работнікам камунальнай службы у мінулым годзе, дасягнула амаль 130 мільёнаў рублёў. Клапоцімся мы і аб здароўі нашых людзей. Члены прафсаюза карыстаюцца 25% зніжкай на набыццё пуцёвак у санаторыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Летась сваё здароўе паправілі 9 камунальнікаў. У здраўніцах бясплатна адпачылі таксама 10 дзяцей нашых работнікаў. Усяго на спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы ў 2015 годзе арганізацыяй было выдаткавана звыш 18 мільёнаў рублёў.

У гэты дзень шмат цёплых слоў было выказана ў адрас ветэранаў камунальнай службы, якія прысутнічалі ў зале.

-- Вельмі прыемна, што вы не забываеце тых, хто будаваў падмурак агранізацыі, -- падкрэсліў былы дырэктар РУП ЖКГ Дзмітрый Дзмітрыевіч Адзінец. – З прыходам новага энергічнага кіраўніка раённая камунальная служба зрабіла значны крок наперад у сваім развіцці. Дзякуючы напружанай працы камунальнікаў істотна памаладзеў родны Шчучын, прыведзены ў парадак іншыя населеныя пункты раёна.

Высока ацаніў работу шчучынскіх камунальнікаў намеснік старшыні райвыканкама Ян Браніслававіч Майсей і ўручыў лепшым работнікам арганізацыі заслужаныя ўзнагароды. Завяршылася ўрачыстасць яскравым выступленнем сталічных артыстаў тэатра гумару “Хрыстафор”.

Аляксандр КАCПЯРЧУК.
Фота аўтара.