“Сей авёс у гразь – будзеш князь” | Дзяннiца

“Сей авёс у гразь – будзеш князь”

Версия для печатиВерсия для печати

Гэтай народнай мудрасці прытрымліваюцца аграрыі СВК “Дэмбрава”, якія першымі ў раёне прыступілі да пасяўной кампаніі.

-- Авёс вельмі любіць вільгаць, таму важна пасеяць гэтую культуру зараз, пакуль глеба яшчэ не зусім прасохла, -- патлумачыў прычыну ранняга выхаду ў поле загадчык вытворчага ўчастка “Багушы” СВК “Дэмбрава” Віктар Віктаравіч Гардзейчык. – Каб дабіцца максімальнай ураджайнасці, выкарыстоўваем толькі эліту і насенне першай рэпрадукцыі. Сяўбу даверылі вопытным трактарыстам С.Г. Тамкевічу і Ю.І. Чашчэвіку.

У прафесіяналізме гэтых механізатараў мы пераканаліся самі, калі выехалі ў поле. Трактары рухаліся па раллі з аптымальнай хуткасцю, пакідаючы за сабою роўныя, засееныя аўсом палоскі зямлі.

-- На сваім энерганасычаным трактары “Беларус-30.22” з шасціметровым навясным агрэгатам сею да 35 гектараў у дзень, -- зазначае трактарыст Станіслаў Георгіевіч Тамкевіч. – У бункер сеялкі ўмяшчаецца 1,5 тоны насення, якое высяваю прыкладна за гадзіну.

За тое, каб бункеры сеялак не пуставалі, адказвае малады вадзіцель Арцём Аліхвер, які падвозіць пратраўленае насенне прама ў поле.

-- Штодзённа раблю 2-3 рэйсы на зернясховішча, -- гаворыць Арцём. – Майму чатырохтоннаму ЗІЛу ўжо амаль трыццаць гадоў, аднак ён выдатна дагледжаны, таму затрымак не бывае.

Работа ў полі працягваецца пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. Гул рухавікоў сціхае толькі падчас кароткага абеду. Дарэчы, усе работнікі СВК “Дэмбрава”, занятыя на пасяўной, забяспечаны гарачым харчаваннем.

-- Наш вытворчы ўчастак самы дробны ў гаспадарцы і налічвае 1324 га раллі, з якіх 260 га займаюць азімыя культуры, -- расказвае Віктар Віктаравіч Гардзейчык. – Мы ўжо пасеялі запланаваныя 50 га аўса і пераключыліся на трыцікале. Затым падыдзе чарга яравога ячменю, крыху пазней – пшаніцы. Галоўнае – правесці пасяўную ў аптымальны тэрмін і вытрымаць усе тэхналогіі. Толькі так можна вырасціць багаты ўраджай. Асаблівую ўвагу надаём унясенню мінеральных угнаенняў. Дарэчы, для падкормкі ўсходаў ужо назапашана 200 тон КАСа, 115 тон хлорыстага калію і 87 тон карбаміду.

Нягледзячы на тое, што бал зямлі на вытворчым участку “Багушы” даволі невысокі – 28, летась тут дабіліся самай высокай у СВК “Дэмбрава” ураджайнасці хлебнай нівы і сабралі 2550 тон зерня. Спыняцца на дасягнутым мясцовыя аграрыі не збіраюцца і сёлета плануюць пабіць свой рэкорд.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.