Прэс-канферэнцыю для журналістаў правёў старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В. Краўцоў (обновлено) | Дзяннiца

Прэс-канферэнцыю для журналістаў правёў старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В. Краўцоў (обновлено)

Версия для печатиВерсия для печати

25 сакавіка, у пятніцу, у канферэнц-зале Дзятлаўскага райвыканкама адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта У.В. Краўцова для прадстаўнікоў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ.

Да пачатку дыялогу з журналістамі ў фармаце “пытанне-адказ” губернатар падрабязна расказаў аб выніках работы за два месяцы бягучага года, агучыў задачы па рэалізацыі прэзідэнцкага Указа №78 “Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь”, які накіраваны на пошук дадатковых шляхоў развіцця эканомікі. Сярод галоўных з іх – актывізацыя знешнеэканамічнай і інвестыцыйнай дзейнасці, аптымізацыя ўсіх расходаў, забеспячэнне занятасці насельніцтва.

Нягледзячы на няпросты пачатак года і наяўнасць праблем, у Гродзенскай вобласці ёсць усе рэзервы і рэсурсы, каб паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі, лічыць старшыня аблвыканкама. Уладзімір Васільевіч прывёў шмат прыкладаў, якія сведчаць аб тым, што ўлада трымае руку на пульсе жыцця рэгіёна, клапоціцца пра яго эканамічнае і сацыяльнае развіццё, дабрабыт людзей, якія тут жывуць.

У прыватнасці, прагучала інфармацыя, што сёлета ў вобласці будзе створана 3,5 тысячы рабочых месцаў на новых і дзеючых прадпрыемствах. Актыўная праца вядзецца над пашырэннем інвестыцыйнага сегмента ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. “Інвестыцыйнай дзейнасці – асаблівая ўвага”, -- падкрэсліў губернатар. Так,  замежныя інвестары праявілі цікавасць і да Шчучынскага раёна: на тэрыторыі аднаго з аб’ектаў былога ваеннага гарадка прыватная кампанія пасля рэканструкцыі плануе стварыць свінакомплекс з цэхамі забою і перапрацоўкі. Таксама бізнесмены разглядаюць варыянт набыцця аднаго з сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна.

 У.В. Краўцоў асобна падкрэсліў, што ў адносінах з інвестарам, які прыходзіць у сельскую гаспадарку, важна прытрымлівацца прынцыпу, які абазначыў Прэзідэнт краіны: новы ўласнік павінен забяспечыць работай людзей, а зямлю выкарыстоўваць па прызначэнні.

Ішла размова і аб правядзенні важнай сельскагаспадарчай кампаніі – сяўбы. “Нам трэба выйсці і адсеяцца”, -- адзначыў губернатар, падкрэсліўшы, што створаны ўсе ўмовы, каб гэта было зроблена ў аптымальныя тэрміны.

На прэс-канферэнцыі прагучала цікавая навіна: 11-ы Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне пройдзе сёлета пад патранатам Генеральнага сакратара ЮНЕСКА. “Гэта міжнароднае прызнанне і аўтарытэт”, -- перакананы губернатар. Дарэчы, на прыгожае свята чакаецца прыезд шматлікіх гасцей, у тым ліку і з ЗША.

У.В. Краўцоў расказаў і аб перспектывах рэканструкцыі аўтадарогі М6. Рэалізацыя гэтага інвестпраекта пачнецца ў чэрвені. Ужо адкрыты льготны крэдыт на 250 мільёнаў долараў. Прыняць удзел у рэканструкцыі аўтатрасы выказалі жаданне каля 30 кампаній, у тым ліку і беларускія, расказаў губернатар. Будуць выкарыстаны сродкі Сусветнага банка і кітайскіх інвестараў. Рэгіён атрымае сучасную аўтамагістраль, да таго ж будзе работа і гродзенскім дарожным арганізацыям, і мясцовым прадпрыемствам будаўнічай індустрыі.

Прагучала таксама рэзанансная тэма аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. Журналісты пачулі і аб далейшых кроках па абуладкаванні і павышэнні турыстычнай прывабнасці Аўгустоўскага канала, абмеркавалі са старшынёй аблвыканкама многія іншыя злабадзённыя пытанні.

Дарэчы, прэс-канферэнцыі папярэднічала знаёмства прадстаўнікоў СМІ з горадам Дзятлава і раёнам. Сёння гэта вельмі чысты і маляўнічы куток Гродзеншчыны, які актыўна развівае эканоміку і сацыяльную сферу і дзе камфортна жыць людзям. У гарадской гімназіі №1 журналісты мелі гутарку са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама І.І. Крахмальчыкам, пабывалі ў музеі гэтай установы. У рамках дабрачыннай акцыі “Журналісты – дзецям” яны ўручылі падарункі выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. З новым воблікам райцэнтра і сельскіх аб’ектаў пазнаёміліся падчас агляднай экскурсіі. Шмат уражанняў засталося ад наведвання знакамітых санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, дзякуючы якім Дзятлаўшчына атрымала славу санаторна-курортнага аазіса.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.