Шчасце за морам не шукаюць

 

У гэтым перакананы новыя героі нашага праекта. Нарадзіліся яны на Шчучыншчыне, тут і спатрэбіліся: стварылі сем’і, знайшлі сваё месца ў жыцці і павагу ў людзей.

Ірына Жук: “Маё хобі – любімая работа”

 

 Вучылішча бытавікоў у Гродне, запатрабаваная спецыяльнасць “кравец верхняга адзення” і трыццаць год працы (!) ў, па-просту кажучы, “надомніку” (цяпер гэта “ШчучынСпецПашыў”. – Заўв. аўтара). Такі працоўны шлях у Ірыны Мар’янаўны Жук з аграгарадка Ляшчанка. У сакавіку гэтага года 30-гадовы юбілей адзначала яе роднае прадпрыемства, а нядаўна такі ж працоўны юбілей – і сама жанчына.

 

izobrazhenie_viber_2020-07-31_15-41-29.jpg

 

– Прыйшла я ў “надомнік” 1 жніўня 1990 года, – расказвае Ірына Мар’янаўна. – Да гэтага непрацяглы час працавала ў атэлье ў абласным цэнтры, у Доме быту ў Шчучыне. Калі ж у Ляшчанцы адкрылі швейны цэх ад камбіната надомнай працы, прыйшла сюды майстрам. “Ты цудоўна ведаеш швейную справу, – сказалі мне, – вось і абучыш іншых”. Тады многія людзі мянялі профіль работы, каб толькі мець занятак і заробак. Мне давялося дапамагаць спацігаць азы прафесіі і былым прадаўцам, і тынкоўшчыцам...

 

Не ўсе тагачасныя вучаніцы Ірыны Жук затрымаліся ў прафесіі, а вось іх настаўніца не сышла з абранага шляху і стала сапраўднай профі.

 

Ірына Мар’янаўна гатова доўга і цікава расказваць пра сваю работу, арганізацыю вытворчых працэсаў на прадпрыемстве. Прызнаецца: “Не магу сядзець за сталом з ручкай. Бягу да раскроечнага стала”. А увогуле за гады працы ёй давялося шыць усё, на што быў попыт: кажухі, футры, скураныя паліто, не кажучы пра сукенкі-спадніцы ды іншыя лёгкія рэчы. Цяпер, кажа, на іх прадпрыемства найчасцей паступаюць заказы на спецадзенне, пасцельныя прылады, рамонт рэчаў. Маўляў, гараджане набываць уборы бягуць на рынак, а падшыць-перашыць – да яе калег, якіх майстар называе высакакласнымі спецыялістамі.

 

Але незаўважна наша гутарка скіроўваецца ў іншы бок – на асабістае.

 

img-d787403e0a2b000ea6b89690d5426520-v.jpg

 

…Здаецца, нядаўна тое было, як хлопец з Ляшчанкі Славамір Жук праз рэчку хадзіў на спатканне да прыгажуні Ірыны Місюк з суседняй вёскі Краснае, і вось ужо амаль 36 год гэтыя двое разам. Цяпер яны не толькі муж і жонка, але і бабуля і дзядуля для ўнукаў Яраслава і Арсенія – дзяцей дачкі Святланы. Дачка, дарэчы, спачатку абрала тую ж прафесію, што і маці, але потым упадабала іншую – вывучылася на цырульніка.”Доўга не магла прывыкнуць да модных імёнаў унукаў, – усміхаецца жанчына. – А цяпер, здаецца, лепшых і не трэба”. Амаль кожныя выхадныя ў хлопчыкаў “візіт” да вясковых сваякоў: маміных – у Ляшчанку і татавых – у Каменку. Дзядуля Слава з 7-гадовым Ярыкам не супраць і ў футбол пагуляць, а малы Сеня пакуль толькі назіральнік. Зрэшты, не за гарамі час, калі Славамір Юзэфавіч пачне знаёміць малодшае пакаленне з уласнымі хобі. Ён жа заўзяты рыбак і паляўнічы. “То ў лес кіруе, то да вадаёма. І так па крузе”, – дабрадушна гаворыць жонка. Кажа, спрабавала пераключыць увагу мужа на іншы занятак – дзе там. Неяк нават сама на рыбалку з ім з’ездзіла. І рыбку злавіла. Але не прыкіпела да гэтай справы. Затое давер у мужа заваявала. “Даручае купіць матыля і апарыша. Усё выконваю. У яго ж мо з 20 вудаў і дзве лодкі. Я так часта сукенкі не мяняю, як ён рыбалоўнае начынне”, – жартуе жанчына.

 

Да гонару Ірыны Мар’янаўны, яна многа ведае пра мужаў род, часткай якога некалі стала. Расказвае, што свёкар Юзаф Баляслававіч усё жыццё працаваў кавалём: пераняў майстэрства ад свайго бацькі – вядомага ў акрузе майстра агню і накавальні. Муж жанчыны, дарэчы, вельмі ганарыцца дзядулем Баляславам і сам прыхільна ставіцца да кавальскай справы, але для сябе абраў іншую работу – токарам у “ШчучынАграхімСэрвісе”.

 

Ірына таксама з дастойнай сям’і. Мама Генаэфа Мацвееўна ўсё жыццё працавала даяркай, а тата Мар’ян Людвікавіч быў адмысловым сталяром. Далі дарогу ў жыццё траім дзецям. Мама, дзякаваць Богу, жыве ў сваёй хатцы, а дачка шчыра і з любоўю клапоціцца пра яе, падтрымлівае і аберагае ад трывог і хваляванняў.

 

Валянціна Шэршань: “Усе мае дзеці жывуць на Шчучыншчыне”

У Ражанкаўскім сельсавеце ёсць вёска Падбобра. Сярод нешматлікіх яе жыхароў – Валянціна і Аркадзь Шэршані. Простыя, сціплыя, мудрыя людзі. Але ёсць у біяграфіі гэтай сям’і тое, што выклікае асаблівую павагу. Тут падаравалі жыццё, вырасцілі, выхавалі шасцёра дзяцей. Што адметна, сыны і дочкі Шэршаняў знайшлі шчасце на сваёй малой радзіме.

 

– Пальцаў на руцэ не хопіць, каб усіх пералічыць, – зазначае Валянціна Міхайлаўна, прыгадваючы вялікую радзіну. – Як збяруцца разам – падворак шуміць! У нас жа 14 унукаў і чацвёра праўнукаў!

 

Добрыя дзеці – самае вялікае бацькоўскае багацце. Валянціна Міхайлаўна падкрэслівае: няма таго дня, каб хтосьці з родных не наведаўся да іх. Балазе, усе побач. І дома парадак навядуць, і пачастункаў навязуць. Даглядаюць, аберагаюць. Старэйшыя ў родзе не адмаўляюцца ад такога клопату, бо абое ў паважаным узросце: Аркадзю Сцяпанавічу падбіраецца пад 90, а гаспадыня дома рыхтуецца сустрэць сваё 80-годдзе. Увосень у сям’і яшчэ адзін юбілей – пара адзначыць залатое вяселле.

 

 

– Родам я з вёскі Красляне, а мой Аркадзь з Падбобры, – расказвае Валянціна Міхайлаўна. – Я працавала поварам у школе ў Дэмбраве, а ён вадзіцелем у калгасе на сваёй малой радзіме і ў школьны лагер, як цяпер памятаю”, называўся ён “Алёнка”, дзяцей старшынёўскіх на адпачынак прывёз. Так і пазнаёміліся. За тры дні я замуж выйшла!

 

Вось так бывае: тры дні знаёмства і столькі год разам. Усе радасці і клопаты папалам. Хаця на плечы гаспадыні клалася крыху больш. Бо Аркадзь Сцяпанавіч (мае 45 год стажу!) з раніцы спяшаўся за руль, дзе праводзіў цалюткі дзень. А жонцы трэба было і на грамадскіх палетках завіхацца, і дзяцей ды вялікую гаспадарку дагледзець: “Бывала, улучу момант, дамоў забягу, праз акно гляну – што там мае дзеці робяць. А яны сядзяць, абляпілі з усіх бакоў маму, справай заняты”.

 

“Мамай”, “мамачкай” Міхайлаўна называла свякроў, якая пражыла з сям’ёй сына 15 год. “А як жа інакш. Яна ж мне дзяцей дапамагла выгадаваць, – тлумачыць жанчына такое душэўнае радство з маці мужа. – І яна мяне вельмі любіла, не інакш як “мая Валя” называла. А яшчэ бабуля Зося ўсім сваім унукам імёны выбірала. Успомніць добрага чалавека, няхай, кажа, і ўнук яго імя носіць… Спрэчак у нас праз гэта не было”.
Усе сыны і дочкі Валянціны і Аркадзя Шэршаняў атрымалі адукацыю (трое – вышэйшую), вызначыліся з прафесіямі, пайшлі кожны сваёй дарогай. Старэйшы Сяргей – чалавек на Шчучыншчыне вядомы, ён галоўны ветэрынарны ўрач раёна. Сцяпан – супрацоўнік раённага аддзела Дэпартамента аховы. Валерый кіруе калектывам МТФ “Галавічполе” ААТ “Васілішкі”. У гэтай жа гаспадарцы працуе трактарыстам Міхаіл. Усе яны – выдатныя спецыялісты і паважаныя людзі. “У Валеры нават дзяржаўная ўзнагарода ёсць”, – ганарыцца братам Сяргей Аркадзьевіч. Нароўні з братамі і сёстры: Вольга па прафесіі бухгалтар, цяпер працуе на фабрыцы грыбоў. Дарэчы, яна мнагадзетная матуля, мае тры дачушкі і сына. А вось Ганна многа год аддавала цеплыню свайго сэрца выхаванцам дзіцячага садка.

 

“Залатыя мае дзеці: працавітыя, добрыя, дружныя, – задаволена матуля. – Адзін аднаго трымаюцца як спарышы”. Радуецца, што сем’і ва ўсіх моцныя, што ўнукі разумныя ды здольныя. І тут не паспрачаешся.
 Дарэчы, гаспадыня вялікай сям’і некалі і ткала, і вышывала. Да гэтага часу дываны ў шафе ляжаць. А яшчэ Міхайлаўна ва ўсёй акрузе мела славу знатнай кухаркі. Вяскоўцы ахвотна запрашалі яе гатаваць на вялікія ўрачыстасці. “Куды мяне толькі ні клікалі. Многіх пажаніла і замуж аддала. Так жыцейка і прайшло”, – зазначае яна.

 

Трэба спадзявацца, гэта “жыцейка” будзе мець яшчэ доўгі працяг. Прынамсі, адзін з унукаў – Дзмітрый, які цяпер служыць у арміі, даў наказ бацькам: “Бабулю і дзядулю даглядаць як след!”. “Такі высокі, статны вымахаў”, – ахвотна распавядае пра Дзіму бабуля. Многа ў яе добрых слоў і пра іншых унукаў-праўнукаў, нявестак і зяцёў. Асаблівыя – пра свайго Аркадзія Сцяпанавіча. “Гаспадарлівы, спагадлівы, душэўны. Мяне хвароба прыціснула, дык ён і наварыў, і падаў. І пагаворыць без злосці, і параіць... Адным словам, такога чалавека пашукаць яшчэ трэба”.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Шэршаняў.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!