Смачны абед на свежым паветры

 

Двойчы на дзень на палетках ААТ “Дэмбрава”, дзе вядуцца сезонныя работы, а таксама ля зернесушыльных комплексаў спыняюцца аўтамабілі, якія развозяць гарачае харчаванне. “Смачна есці!” – жадаюць загарэлым камбайнерам, трактарыстам, вадзіцелям, паляводам і аператарам жанчыны-раздатчыцы, падаючы на раскладныя сталы міскі з духмянымі, з полымя, з жару стравамі.

 

– Уся гэтая ежа – са сталовай комплексу па адкорме БРЖ “Стараўшчына”. Нягледзячы на сваю “ведамасную” прапіску, сталовая абслугоўвае ўсіх работнікаў нашай гаспадаркі, – тлумачыць старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Дэмбрава” Наталля Ціцяк, якая курыруе пытанні харчавання працаўнікоў. – Пачынаючы з сакавіка і ажно па лістапад тут гатуюць гарачыя стравы для ўдзельнікаў пасяўной, уборачнай і корманарыхтоўчай кампаній. Так, гэтымі днямі паўнацэнныя гарачыя абеды і вячэры на рабочых месцах атрымліваюць больш за сотню чалавек. Ёсць патрэба падсілкаваць усіх, хто заняты на хлебнай ніве, сенажаці, складзе... Таму з самага ранку завіхаюцца ля пліты нашы повары Аксана Тарасевіч і Юлія Дарашкевіч. Раней яны працавалі ў сталоўцы ў Тапілішках. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, гатуюць – пальчыкі абліжаш! Працэс прыгатавання ежы арганізаваны як след. У рэканструяваным памяшканні сталовай устаноўлена новае кухоннае абсталяванне, ёсць неабходныя электрапрыборы і посуд.

 

Меню для палявога стала прадуманае і разнастайнае: боршч і супы, катлеты і тэфтэлі, рыба і мяса птушкі… А таксама традыцыйны кампот, булачкі, печыва. Да ўсяго ў абед з сабой работніку выдаецца бутыляваная вада. “Прадукты для страў заўсёды свежыя, – запэўнівае Наталля Алегаўна. – Стравы каларыйныя, порцыі вялікія – каб людзі маглі ўзнавіць фізічныя сілы. Ды і апетыт на свежым паветры ў хлебаробаў надзвычай добры”.

 

Між тым працаўнікі, якія атрымліваюць гарачае харчаванне ў палявых умовах, плацяць толькі 30 працэнтаў ад яго кошту, астатняе бярэ на сябе гаспадарка.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!