Бах. Сола на … баяне | Дзяннiца

Бах. Сола на … баяне

Версия для печатиВерсия для печати

Выхаванцы Шчучынскай ДШМ паказалі клас на сталічнай сцэне

Не памылюся, калі скажу, что найвялікшай радасцю для настаўніка з’яўляюцца поспехі яго вучняў. Тады зразумела, што праца не была дарэмнай, дала добры вынік. Вось і вочы выкладчыц музычнага аддзялення Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў Ірыны Янаўны Кажухоўскай і Анжэлы Веніямінаўны Юшкевіч свяціліся іскрынкамі радасці, калі яны расказвалі пра Міжнародны конкурс-фестываль мастацтваў “Музыкі святло”, у якім іх вучні прымалі ўдзел і ўдастоіліся высокіх узнагарод.

Міхаіл Рэзчыкаў трэці год займаецца па класе фартэпіяна. Як адзначыла Анжэла Веніямінаўна, хлопчык ён здольны і старанны. Яго бацькі і нават бабуля вельмі зацікаўлены, каб Міша займаўся музыкай, падтрымліваюць яго і натхняюць.

На прэстыжным конкурсе, які  праходзіў у Мінску, Міхаіл Рэзчыкаў выканаў 1-ую частку Санаты фа мажор Гайдна і заваяваў у сваёй узроставай групе званне лаўрэата другой ступені ў намінацыі “віртуозы-выканаўцы”. Акрамя дыплома, медаля  і шакаладнага скрыпічнага ключа юнаму шчучынскаму піяністу ўручылі   сертыфікат на майстар-клас, які дасць старшыня журы конкурсу А.А. Ахотнікава.

Другі ўдзельнік конкурсу Аляксандр Валошкін іграе на баяне, сёлета заканчвае  ДШМ. Выкладчыца І.Я. Кажухоўская па праве ганарыцца сваім таленавітым выхаванцам. Дарэчы,  будучую прафесію Аляксандр плануе звязаць з музыкай, марыць паступіць у Гродзенскі музычны каледж.

Удзел у конкурсе стаў для Аляксандра Валошкіна экзаменам на выканаўчае майстэрства, які ён здаў паспяхова: стаў лаўрэатам трэцяй ступені. Уяўляеце, ён іграў Баха … на баяне, выканаў прэлюдыю і фугу рэ мінор. Прадстаўнічае журы, у складзе якога акрамя нашых суайчыннікаў былі вядомыя музыканты з Расіі, Азербайджана, высока ацанілі ўзровень падрыхтоўкі і майстэрства шчучынскага баяніста.

Аляксандр і Міхаіл расказалі, што конкурс-фестываль ім вельмі спадабаўся, доўжыўся ён некалькі дзён, выступалі не толькі музыканты, але і спевакі, танцоры, дэкламатары. Атмасфера была цёплая і святочная. Арганізатары, а гэта ГА “Беларускі саюз музычных дзеячаў”, Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Шанц”, музычна-адукацыйны цэнтр “Эстрадная школа талентаў”, пастараліся, каб гэтае яркае свята музыкі прынесла добрыя эмоцыі ўсім яго ўдзельнікам, надоўга запомнілася і натхніла на новыя творчыя перамогі.

Сакавік стаў для Міхаіла Рэзчыкава і Аляксандра Валошкіна месяцам, багатым на творчыя здабыткі. Міхаіл нядаўна вярнуўся з дыпломам лаўрэата трэцяй ступені з Клецка, дзе браў удзел у фестывалі-конкурсе юных піяністаў “Музычныя іскаркі”, а Аляксандр заваяваў другое месца ў сваёй узроставай групе на абласным фестывалі-конкурсе “Іграй, мой баян!”. Так трымаць, юныя музыкі, і далей!

Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.