Хто катаецца па ферме на таксі? | Дзяннiца

Хто катаецца па ферме на таксі?

Версия для печатиВерсия для печати

Дэмбраўцы лічаць, што 777 – лічба шчаслівая, а МТФ з аднайменнай назвай – высокатэхналагічная фабрыка па вытворчасці малака

МТФ “777” СВК “Дэмбрава” – самая буйная малочнатаварная ферма ў гаспадарцы: штодзень тут атрымліваюць каля 16 тон малака, што складае прыкладна 61% ад сярэднясутачнага валавога надою ўсяго сельгаспрадпрыемства.

-- Наша ферма была здадзена ў эксплуатацыю ў 2013 годзе і адпавядае ўсім сучасным стандартам, -- гаворыць намеснік брыгадзіра МТФ “777” Ганна Іванаўна Паўлюкевіч. – Тут утрымліваецца 1961 карова, а дойны статак налічвае 781 рагулю. Летась мы надаілі 5618 тон малака (па 7002 кг ад кожнай каровы), з якіх 38,3% здалі на перапрацоўку на Шчучынскі масласырзавод гатункам “экстра”, а астатняе – вышэйшым гатункам.

Між іншым, за два месяцы бягучага года на МТФ “777” атрымалі 891 тону малака, што на 63 тоны больш, чым за адпаведны перыяд 2015 года. Сярэднясутачны надой ад кожнай рагулі тут складае 23,3 літра.

Безумоўна, за гэтымі высокімі лічбамі стаіць напружаная праца ўсяго калектыву фермы, які налічвае 34 работнікі. Дойны статак абслугоўваюць чатыры даяркі, якія працуюць па зменах.

-- Дойка – тры разы на дзень, таму атрымліваецца, што за працоўную змену праз мае рукі праходзіць да тысячы рагуль, -- зазначае аператар машыннага даення Людміла Пятроўна Забароўская. – Справіцца з вялікай фізічнай нагрузкай дапамагае сучаснае абсталяванне, якое дазваляе аўтаматызаваць многія вытворчыя працэсы.

Свежае малако тут жа фільтруецца і па малакаправодзе перапраўляецца ў спецыяльныя халадзільныя ёмістасці, якіх на ферме аж тры (агульнай умяшчальнасцю каля 22 тоны). За спраўнасць гэтай сістэмы адказвае слесар А.Д. Школьны.

-- Абсталяванне нямецкай фірмы “Westfalia” надзейнае, непаладкі здараюцца рэдка, -- кажа Аляксандр Дзмітрыевіч. – Тут амаль усё кантралюе спецыяльная праграма, аднак ролю чалавека таксама заніжаць нельга. Толькі пры строгім выкананні ўсіх тэхналогій можна атрымаць малако экстра-класа.

Кожная рагуля носіць на шыі рэспондзер – электронную ідэн­ты­фі­ка­ва­ную карту, што збірае ўсе да­ныя аб жывёле. Апрацоўкай і аналізам атрыманай інфармацыі займаецца малады спецыяліст-селекцыянер Вольга Янаўна Кунец, якая выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі.

За здароўем кароў пільна сочаць спецыялісты ветслужбы: яны рэгулярна правяраюць жывёл на наяўнасць масцітаў і іншых захворванняў. Асаблівую ўвагу надаюць маладняку.

-- Нованароджаных цялят выпайваем малодзівам пры дапамозе зонда і ўтрымліваем іх у спецыяльных доміках пад лямпай абагрэву, -- зазначае Ганна Іванаўна Паўлюкевіч. – Затым пераводзім у індывідуальныя домікі.

Аператары Ірына Мікалаеўна Маліноўская, Таццяна Станіславаўна Бойка і Наталля Аляксандраўна Бодак своечасова і якасна кармяць маладняк пры дапамозе... малочнага таксі.

-- Гэты агрэгат вельмі зручны і значна аблягчае нам працу, -- прызнаецца І.М. Маліноўская. – У ёмістасць змяшчаецца 220 літраў малака, прычым машына сама яго стэрылізуе і астуджвае. Камп’ютар выдае цялятам строга вызначаную норму выпайкі. Працуе гэта цуда тэхнікі ад акумулятараў і мае дзве ступені хуткасці.

Дарэчы, малочнае таксі – не адзінае ноу-хау, якое можна ўбачыць на МТФ “777” СВК “Дэмбрава”. Тут усталявана аўтаматычная часалка для кароў, якая пачынае круціцца ад дотыку жывёлы. Стойлы на ферме вычышчае скрэпер – спецыяльны агрэрат, які па праграме кожныя дзве гадзіны рухаецца ўздоўж стойлаў і зграбае арганіку. Для падтрымання аптымальнай вільгаці паветра ўсталяваны вентылятары і выцяжкі. Адным словам, на ферме створаны ўсе неабходныя ўмовы для камфортнага ўтрымання рагуль і павелічэння надояў малака.

  -- Якой бы сучаснай ні была тэхніка, сама па сабе яна не здольная забяспечыць поспех у вытворчасці без высокакваліфікаваных кадраў, -- перакананы брыгадзір МТФ “777” СВК “Дэмбрава” Андрэй Віктаравіч Красоўскі. -- Мне пашчасціла, што побач са мной працуюць такія прафесіяналы, як ветурач Аляксандр Пятровіч Слапік, жывёлаводы Марына Вацлаваўна Мкртчан і Таццяна Станіславаўна Бойка, аператары машыннага даення Людміла Пятроўна Забароўская, Галіна Генрыхаўна Табала, Ганна Іванаўна Ціцяк і іншыя. Штогод мы ўпэўнена павышаем надоі і якасць малака, ад чаго напрамую залежыць наш асабісты заробак. Сёння сярэдняя заработная плата на ферме складае амаль 6,5 мільёна рублёў, і толькі ад нас саміх залежыць, наколькі яна вырасце.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.