Мацнейшыя валейбалісты раёна жывуць у Жалудку | Дзяннiца

Мацнейшыя валейбалісты раёна жывуць у Жалудку

Версия для печатиВерсия для печати

Гэта пацвердзілі фінальныя матчы па валейболе, якія адбыліся ў рамках круглагадовай спартакіяды сярод каманд сельсаветаў. За перамогу змагаліся шэсць мужчынскіх і столькі ж жаночых зборных.

Спаборніцтвы ладзіліся адначасова на двух спартыўных пляцоўках: у ДЮСШ і ў сельскагаспадарчым ліцэі г. Шчучына. Падтрымаць любімыя каманды сабраліся шматлікія балельшчыкі. Матчы праходзілі вельмі напружана, спартсмены выкладваліся на полі па поўнай. У выніку ўпартай барацьбы жалудоцкія валейбалісты перамаглі ўсіх сваіх сапернікаў і занялі першае месца. Не было роўных і жаночай зборнай з Жалудка, якая таксама стала мацнейшай.

-- Тыдзень таму мы правялі адборачныя матчы, у якіх прынялі ўдзел адзінаццаць каманд, -- гаворыць дырэктар цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам Анатолій Віктаравіч Пашук. – У фінал выйшлі самыя дастойныя. Выдатную камандную гульню прадэманстравалі зборныя Дэмбраўскага, Ражанкаўскага і Орлеўскага сельсаветаў. Ну а жалудоцкія валейбалісты і валейбалісткі дык наогул не пакінулі сваім сапернікам ніводнага шанца на перамогу.

Між іншым, круглагадовая спартакіяда сярод каманд сельсаветаў працягваецца, і ў сярэдзіне красавіка ў Шчучыне пройдуць спаборніцтвы па стрытболе. Хто стане мацнейшым – пакажа час.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.