У свет чароўны запрашаюць кнігі | Дзяннiца

У свет чароўны запрашаюць кнігі

Версия для печатиВерсия для печати

Так называлася літаратурнае свята, якое арганізавалі работнікі Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

На вясенніх канікулах па даўняй традыцыі для юных чытачоў праводзіцца Тыдзень кнігі. Днямі кнігалюбы сабраліся разам у цэнтры культуры і народнай творчасці, каб пагутарыць пра жыццё і творчасць аднаго з любімых дзіцячых аўтараў Аляксандра Волкава, 125-годдзе з дня нараджэння якого мы адзначым сёлета.

Мерапрыемства прайшло надзвычай цікава. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем вандравалі па казачнай краіне з Элі, Татошкам і Басціндай – героямі аповесці-казкі “Чараўнік Ізумруднага горада”, якую аўтар напісаў па матывах кнігі амерыканскага дзіцячага пісьменніка Л.Ф. Баўма “Дзіўны Чараўнік з краіны Оз”. Уразіла ўсіх вучаніца 4 “А” класа СШ №2 г.Шчучына Лізавета Яўтушык. Дзяўчынка вельмі любіць чытаць і добра ведае творы Волкава. Гэта яна даказала стаўшы пераможцай віктарыны. Увогуле ўсе юныя кнігалюбы – вучні трэціх і чацвёртых класаў трох гарадскіх школ – актыўна прымалі ўдзел у конкурсах. Рабяты танцавалі і радаваліся за поспехі сваіх сяброў. Лепшыя чытачы дзіцячай бібліятэкі і заўзятыя аматары кніг з кожнага класа атрымалі ўзнагароды. Не абышлося і без музычнага падарунка: сваімі песнямі і танцамі парадавалі выхаванцы ЦКіНТ.

Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі  працягваецца. Запланавана шмат цікавых мерапрыемстваў і сустрэч. Наведайце чарговы раз бібліятэку, каб пазнаёміцца з новым выданнем і сустрэцца з цікавымі героямі. Дзверы скарбніцы ведаў заўсёды адкрыты для чытачоў.

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.