У памяць аб земляку | Дзяннiца

У памяць аб земляку

Версия для печатиВерсия для печати

Сёння ў спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у Шчучыне стартаваў турнір па міні-футболе, прысвечаны памяці нашага земляка Г.А. Шуміка.

Удзельнікаў спаборніцтваў вітаў намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Шчучынскага завода “Аўтапровад” Віктар Мікалаевіч Самойленка:

-- Генадзій Аляксандравіч Шумік вельмі захапляўся футболам і не раз прымаў удзел у розных спаборніцтвах. Пад яго кіраўніцтвам футбольная зборная завода дабілася высокіх вынікаў, нават гуляла з камандай “Батэ”, якая сёння лічыцца адной з мацнейшых у Беларусі. І мы працягваем яго справу.

Як расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Вікенцьевіч Гваздоўскі, турнір па міні-футболе памяці Г.А. Шуміка праходзіць ужо 18-ты раз, і з кожным годам узровень майстэрства яго ўдзельнікаў расце. Сёлета ў спаборніцтвах прымаюць удзел каманды МФК “УУС-Дынама” з Гродна і МФК “Неман” з Бярозаўкі, якія гуляюць у вышэйшай лізе Рэспублікі Беларусь па міні-футболе. Таму матчы будуць вельмі цікавымі і напружанымі.

Першымі на поле выйшлі гродзенскія футбалісты, якім супрацьстаялі спартсмены ФК “Ліда”. Затым адбылася гульня паміж ФК “Шчучын” і МФК “Неман”.

Заўтра ў 12.00 запрашаем усіх аматараў футбола на фінальныя матчы турніру, падчас якіх і вызначыцца пераможца.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.