Заданне на сёння | Дзяннiца

Заданне на сёння

Версия для печатиВерсия для печати

Прэзідэнцкі Указ №78 “Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь”, які пабачыў свет у мінулым месяцы, ужо назвалі “антыкрызісным”. Ён вызначае напрамкі вырашэння аднаго з галоўных на сённяшні дзень пытанняў – стабілізацыі эканомікі. У гэтым дакуменце не забыты і меры сацыяльнай абароны насельніцтва, што пацвярджае: галоўным прыярытэтам у дзяржаве з’яўляецца чалавек. Асобай увагі заслугоўвае блок, прысвечаны адказнасці кадраў.

Аб асноўных палажэннях гэтага Указа ішла размова на чарговым адзіным дні інфармавання насельніцтва. Члены раённых інфармацыйна-прапагандысцкіх груп сустрэліся з працоўнымі калектывамі СВК “Дэмбрава”, Шчучынскага ПМС, філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, лясгаса, мехмайстэрняў СВУ “Пратасаўшчына” і камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва. У прыватнасці, з работнікамі быткамбіната вялі дыялог не толькі раённыя прапагандысты на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А.В. Садоўскім, але і прадстаўнік абласной групы – начальнік упраўлення эканомікі Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама А.І. Сербін.

Андрэй Іосіфавіч Сербін акцэнтаваў увагу на тым, што прэзідэнцкі Указ №78 пацвярджае: “ламаць” эканоміку ніхто не будзе нягледзячы на сур’ёзныя крызісныя працэсы. Так, цяжка замежным партнёрам, і гэта немінуча адбіваецца на нашых вытворцах. А вось павышаць эфектыўнасць функцыянавання эканомікі неабходна. Таму пастаўлены задачы праяўляць ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць на месцах, ствараць інавацыйныя вытворчасці, зніжаць сабекошт прадукцыі і асвойваць выпуск яе новых, канкурэнтаздольных відаў, запатрабаваных на сусветных рынках, шукаць унутраныя рэзервы для эканамічнага росту кожнага суб’екта гаспадарання.

Сёння мала вырабляць якасны прадукт, трэба яшчэ і ўмець выгадна прадаваць яго. Асабліва ва ўмовах нізкіх сусветных цэн і паніжанага попыту. Адна з задач – знаходзіць новыя перспектыўныя рынкі збыту прадукцыі. Расія актыўна развівае свой АПК, таму гэты вектар перастане дамінаваць у нашых экспартных пастаўках. “Цяпер вытворца павінен ісці да пакупніка, а не чакаць, пакуль той папросіць паставіць прадукцыю”, – перакананы А.І. Сербін.

Што да дзейнасці АПК, то чакаецца падпісанне двух важных указаў, адзін з якіх па фінансавым аздараўленні сельгаспрадпрыемстваў, праінфармаваў А.І. Сербін.

Ёсць цікавасць замежных інвестараў да набыцця нашых неэфектыўна працуючых прадпрыемстваў. Дзелавых людзей прывабліваюць нашы спакой, стабільнасць і перспектывы развіцця. Увогуле ў Гродзенскай вобласці за 2015 год паступленне прамых замежных інвестыцый склала каля 105 млн. долараў ЗША. Дарэчы, гэту тэму закрануў і намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі. Ён расказаў пра інвестпраекты з удзелам замежнай кампаніі, якія мяркуецца рэалізаваць у раёне. У прыватнасці, пра будаўніцтва невялікага свінакомплексу. Будзе задзейнічана маёмасць, з’явяцца новыя рабочыя месцы.

Гаворачы пра працэсы аптымізацыі ў працоўных калектывах, А.І. Сербін адзначыў: “Ад кожнага залежыць эфектыўная работа прадпрыемства. Калі чалавек прыходзіць на працу і не ведае, чым сёння будзе займацца ці чакае ўказання, значыць ён займае пустое месца”.

Цяжкасці ў эканоміцы не могуць адкласці ў бок рашэнне сацыяльных праблем. Падтрымка ад дзяржавы будзе, але яна будзе адраснай – тым людзям, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе. У прыватнасці, пры аплаце за паслугі ЖКГ прадугледжваюцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. Будуць прыняты меры па мінімізацыі негатыўных наступстваў, абумоўленых ростам цэн на спажывецкія тавары.

Пастаўлена задача ствараць штогод у рэспубліцы 50 тысяч рабочых месцаў, больш актыўна развіваць малы і сярэдні бізнес, прыватнае прадпрымальніцтва. Будзе вітацца дзелавая актыўнасць насельніцтва.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэй расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Шчучынскага раёна. Фундамент – сельскагаспадарчая вытворчасць. Так, за пяцігодку пабудавана 12 новых і рэканструявана 9 комплексаў па вытворчасці малака, на 25% павялічылася пагалоўе кароў. Ёсць дасягненні і ў жывёлагадоўлі. За апошні час з 3 да 14 працэнтаў вырасла доля інавацыйнай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў. У Шчучыне будуецца інавацыйны, арыентаваны на імпартазамяшчэнне завод “Праймілк”. Як прыклад паспяховага прыцягнення інвестыцый – дзейнасць беларуска-галандскага прадпрыемства “Клабніка-Плантс”. І праблемы, і задачы, якія стаяць перад рэгіёнам, – тыя ж, што і ў цэлым па краіне, адзначыў Аляксандр Генрыхавіч.

Тэму пажарнай бяспекі абмеркаваў з аўдыторыяй начальнік РАНС А.Дз. Малюгін.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фото автора.