Шчучыншчыну з рабочым візітам наведаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Іванавіч Крупко

Шчучыншчыну з рабочым візітам наведаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Іванавіч Крупко. Ён заехаў у ААТ “Васілішкі”, дзе ацаніў узровень арганізацыі ўборачнай кампаніі і тэмпы жніва.

 

– Сёлета нам неабходна ўбраць 23419 гектараў хлебнай нівы, для чаго мы задзейнічаем 99 зернеўборачных камбайнаў, – гаворыць першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Іванавіч Тодрык. – Сярэдняя ўраджайнасць зерневых складае 56 цэнтнераў з гектара. Плануем намалаціць каля 130 тысяч тон зерня, што на 40 тысяч больш, чым летась. Надвор’е спрыяе, таму ўбіраем не менш за 1000 гектараў у дзень. Калі так пойдзе і далей, то завершым жніво ў пачатку жніўня. Ужо ўбралі 95% плошчаў, адведзеных пад азімы рапс. З кожнага гектара атрымліваем больш за 40 цэнтнераў масланасення. Усяго плануем атрымаць звыш 20 тысяч тон масланасення, 40% з якога перапрацуем самастойна.

 

 

Назіраючы за тым, як васілішкаўскія хлебаробы зладжана працуюць у полі, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Іванавіч Крупко зазначыў, што дзякуючы ўсебаковай падтрымцы кіраўніка дзяржавы сёння аграрыі краіны забяспечаны ўсім неабходным, каб аператыўна і без страт убраць хлеб. Ён выказаў упэўненасць, што шчучынскі каравай будзе важкім.

 

 

– У гэтым сезоне мы вырасцілі сапраўды багаты ўраджай, – зазначае міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Іванавіч Крупко. – Сярэдняя ўраджайнасць па краіне ў пачатку масавай уборкі хлебнай нівы складае 37 цэнтнераў з гектара, што адчувальна больш мінулагодняга паказчыка. Сёлета плануем намалаціць 8 мільёнаў тон зерня новага ўраджаю. Для хлебаробаў створаны ўсе ўмовы, каб своечасова і без страт убраць хлеб. Сёння мы маем магчымасць убіраць у дзень 4-5% (106 тысяч гектараў) і дапрацоўваем 585 тысяч тон хлеба. Гэта дазволіць пры добрым надвор’і завяршыць жніво за 22 дні. У палях зараз працуюць больш за 8,5 тысячы экіпажаў, абмалочанае зерне прымаюць звыш 2000 ачышчальна-сушыльных комплексаў. На адгрузцы задзейнічаны 9600 машын. Паралельна ў гаспадарках краіны завяршаецца другі ўкос траў. І тут нашы аграрыі таксама ў плюсе: закладзена 3,7 мільёна тон кармавых адзінак – гэта на 700 тысяч больш, чым на аналагічную дату 2019 гда.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!