Пра шашачны турнір і шрыфт Брайля | Дзяннiца

Пра шашачны турнір і шрыфт Брайля

Версия для печатиВерсия для печати

Не дазваляе сумаваць сваім падапечным праўленне раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” – ладзіць цікавыя мерапрыемствы, экскурсіі.

Добрыя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў пакінуў турнір па рускіх шашках, які стаў традыцыйным і праводзіцца ў памяць пра першага старшыню абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку А.І. Нятылькіна. Сам будучы невідушчым, Анатоль Іванавіч добра разумеў праблемы такіх жа людзей і многае рабіў, каб яны не адчувалі сябе ў баку ад жыцця. Правядзенне шашачных турніраў – таксама яго ініцыятыва. Адметна, што Нятылькін пайшоў з жыцця ў 2003 годзе, а яго добры пачын жыве і ў нашы дні.

Турнір па рускіх шашках традыцыйна ладзіўся пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У памяшканні аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, дзе спаборнічалі аматары шашак, панавала атмасфера свята і спартыўнага азарта. Старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба аддзела адукацыі, спорту і турызму В.А. Струкель узяў на сябе абавязкі суддзі турніру і правёў жараб’ёўку. Старшыня праўлення ГА “БелТІЗ” Т.М. Кулакова цёпла павітала ігракоў і пажадала ім удачы.

Паядынкі за шашачнымі дошкамі былі ўпартымі. Па колькасці набраных ачкоў вызначыліся пераможцы. Імі сталі Іван Сямёнавіч Малючок, Яніна Казіміраўна Клімчук, Валянціна Мікалаеўна Урсул. Яны былі ўзнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеняў, а ўсе ўдзельнікі турніру атрымалі салодкія наборы.

Турнір, прысвечаны памяці А.І. Нятылькіна, садзейнічае папулярызацыі старадаўняй гульні, а таксама дапамагае людзям з праблемамі зроку развіваць свае інтэлектуальныя здольнасці.

                                                                  *     *      *

 Актывісты праўлення ГА “БелТІЗ” пабывалі ў гасцях у шчучынскіх гімназістаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра дзейнасць арганізацыі, яе 60-гадовую гісторыю. Госці расказалі, як арганізацыя дапамагае людзям з праблемамі зроку адаптавацца ў жыцці, займацца любімай справай, развіваць свае здольнасці, знаходзіць сяброў і аднадумцаў.

З цікавасцю разглядвалі вучні кнігу з кропачкамі. Яны ўпершыню бачылі азбуку для невідушчых людзей. З дапамогай шрыфта Брайля нават абсалютна невідушчы чалавек  можа чытаць. Рабяты даведаліся таксама і пра тэхнічныя сродкі рэабілітацыі для людзей з праблемамі зроку.

Гімназісты з радасцю адгукнуліся на просьбу актывістаў праўлення паўдзельнічаць у акцыі “Чыстае сэрца”.

Сустрэча атрымалася цікавай як для гасцей, так і для вучняў. Актывісты “БелТІЗ” спадзяюцца, што іх супрацоўніцтва з гімназістамі  будзе  пастаянным і плённым.

Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.