Жыве ў Жылічах ветэран | Дзяннiца

Жыве ў Жылічах ветэран

Версия для печатиВерсия для печати

95 гадоў споўнілася ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Юзэфу Юзэфавічу Краўчуку

Юбіляр разгубіўся, убачыўшы столькі гасцей у сваім доме. Беражліва прытуліў да сябе адрасную папку і прыгожы букет. Не меркаваў ветэран, што дачакаецца такой даты. Усё ж 95 год – узрост салідны, прытым што столькі выпрабаванняў выпала на яго долю. Відаць, лёс невыпадкова даруе доўгае жыццё людзям, якія прайшлі праз пекла агнявых 40-х. Яны павінны данесці суровую праўду пра вайну сучаснаму пакаленню.

Павіншаваць Юзэфа Юзэфавіча прыехала вялікая дэлегацыя ў складзе старшыні раённага савета ветэранаў Э.С. Дзікевіча, ветэрана Узброеных Сіл І.П. Рэкеды, ваеннага камісара райваенкамата А.Г. Гайдука, старшыні Шчучынскага сельвыканкама С.Я. Вознага, першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Алены Богдзель, актывістак з маладзёжнай арганізацыі другой гарадской школы Аляксандры Дудзіцкай і Ілоны Кандыба. Цёплыя словы юбіляру сказаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч і ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама. Здароўя і бадзёрасці ветэрану-доўгажыхару пажадалі і астатнія госці, уручылі падарункі і кветкі, падзякавалі за тое, што прайшоў дастойны жыццёвы шлях – абараняў Радзіму ад ворагаў, а пасля шчыраваў на працоўным фронце, расціў дзяцей.

Юзэф Юзэфавіч расчуліўся ад цёплых віншаванняў. На пінжаку паблісквалі ўзнагароды. Былы пехацінец адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Жукава, шматлікімі юбілейнымі медалямі.

Здароўе, на жаль, ужо падводзіць ветэрана. Без малога да 90 год ён яшчэ самастойна спраўляўся з вялікай гаспадаркай, дзе былі авечкі, каровы, птушка. Жонка Яўгенія Адамаўна  пакінула гэты свет у 2005 годзе. А цяпер з Юзэфам Юзэфавічам  жывуць яго дачка Алена, унук Мікалай, яны даглядаюць старэнькага, вядуць гаспадарку. Часта наведвае бацьку сын Іван, які жыве і працуе ў Шчучыне. Не пакідае без увагі ветэрана і мясцовая ўлада. Рэгулярна наведваецца да яго старшыня сельвыканкама С.Я. Возны, цікавіцца здароўем, дапамагае вырашаць бытавыя і іншыя праблемы.

Больш як сем дзесяцігоддзяў мінула пасля Вялікай Айчыннай, вырасла не адно пакаленне, а ваенныя эпізоды не сцерліся з памяці ветэрана і час ад часу, як кулі, раняць сэрца. На фронт Юзэф Краўчук трапіў восенню 1944 года, ваяваў у складзе пяхотнага палка Войска Польскага. Прайшоў праз Польшчу і Германію, удзельнічаў у вызваленні многіх нямецкіх гарадоў. Лічы, за месяц да Перамогі быў цяжка паранены ў нагу, трапіў у шпіталь. Там ён і пачуў доўгачаканую  вестку аб Перамозе і не мог стрымаць слёз радасці… Шкадаваў, што прыкаваны да ложка,  не можа салютаваць, абдымаць баявых таварышаў і крычаць: “Ура!”.

Пасля вайны Юзэф вярнуўся ў родныя Жылічы, стварыў сям’ю, пабудаваў дом, гадаваў дачку і сына разам са сваёй “палавінкай” Яўгеніяй. У тагачасным калгасе “1 Мая”  Юзэфа Краўчука ведалі як выдатнага будаўніка, а пазней -- палявода.

Нашчадкам Ю.Ю. Краўчука ёсць кім ганарыцца, а сямейнай рэліквіяй сталі дзедавыя ўзнагароды.

Гэтым ушанаваннем вяскоўца з нагоды 95-гадовага юбілею ў нашым раёне пачалася Рэспубліканская грамадзянска-патрыятычная акцыя “Тут жыве ветэран”.  Лідар моладзі раёна Алена Богдзель і актывісткі-дзесяцікласніцы Аляксандра Дудзіцкая і Ілона Кандыба ўрачыста прымацавалі да сцяны дома спецыяльную шыльду з надпісам “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!”. Цяпер, хто едзе ці ідзе міма, будзе ведаць, што ў гэтым доме жыве чалавек, якому варта з удзячнасцю пакланіцца.

Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.