Ён сэрцам маляваў Айчыну | Дзяннiца

Ён сэрцам маляваў Айчыну

Версия для печатиВерсия для печати

Сярод знакамітых асоб ХІХ стагоддзя, жыццё якіх звязана з Беларуссю, пачэснае месца займае Напалеон Орда. Талент яго быў шматгранны, ён праявіў сябе як выдатны музыкант, кампазітар, мастак, педагог.

Менавіта  жыццю і творчасці Напалеона Орды было прысвечана пасяджэнне клуба “Лад”, што дзейнічае на базе РЦКіНТ, якое прайшло ў канферэнц-зале Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі пры ўдзеле супрацоўнікаў установы.

Змястоўны расказ кіраўніка клуба “Лад” М.І. Вінчэўскай удала дапаўняў дакументальны фільм пра Напалеона Орду. Цікава, што ўраджэнца в. Варацэвічы Пінскага ўезда назвалі ў гонар французскага імператара. Такое імя для свайго ўнука выбраў дзед Мацей (тады знакаміты палкаводзец якраз быў на піку славы).

Напалеон рос у сям’і інжынера-фартыфікатара Міхаіла Орды, закончыў Свіслацкую гімназію, паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Падчас вучобы стаў членам тайнага студэнцкага таварыства “Заране”, за што быў выключаны з 4-га курса і арыштаваны. Пасля 15-месячнага турэмнага зняволення вярнуўся дамоў і знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Напалеон Орда прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў. Пасля яго падаўлення Напалеон, апасаючыся рэпрэсій, пад чужым імем выехаў за мяжу. У эміграцыі ён шмат вандраваў па Еўропе, пабываў у Англіі, Швейцарыі, Італіі. А калі праз два гады атрымаў статус эмігранта ў Францыі, застаўся жыць у Парыжы.  Орда плённа займаўся музыкай і жывапісам, пазнаёміўся са знакамітамі дзеячамі еўрапейскай культуры, такімі, як Адам Міцкевіч, Фрэдэрык Шапэн, Ферэнц Ліст, Джоакіна Расіні і іншымі. Разам з  Шапэнам ён музыцыраваў на вечарах, прымаў удзел у літаратурных сходах. Мастацкую адукацыю Орда атрымаў у студыі майстра архітэктурнага пейзажа П’ера Жэрара. Першыя альбомы малюнкаў  Напалеона Орды з’явіліся пасля яго вандроўкі па Францыі і Рэйнскай вобласці. Пазней былі вандроўкі па Іспані, Партугаліі, Алжыры, якія натхнілі мастака на стварэнне цудоўных архітэктурных пейзажаў.

Напалеон Орда маляваў алоўкам, акварэллю, гуашшу, сепіей. Яго работы вызначаюцца строгай дакументальнасцю, таму вельмі каштоўныя для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў, бо большасць архітэктурных аб’ектаў ужо не існуе. Мастацкая спадчына Орды – гэта больш за 1150 акварэляў і графічных работ, сярод якіх больш за 200 замалёвак беларускіх замкаў, сядзіб, храмаў, палацаў.

Удзельнікі пасяджэння заварожана глядзелі на экран мультымедыйнай устаноўкі, дзе з’яўляліся цудоўныя малюнкі нашага суайчынніка, які пакінуў забяспечанае жыццё і паспяховую кар’еру ў Парыжы і вярнуўся на бацькаўшчыну. “Ладаўцы” актыўна абмяркоўвалі тое, што пачулі і ўбачылі.

– Цікава было даведацца пра гэтага таленавітага чалавека, які нарадзіўся ў нашай вобласці і набыў шырокую вядомасць у кругах еўрапейскай інтэлігенцыі таго часу, – падкрэсліў удзельнік клуба “Лад” ветэран Узброеных Сіл Віктар Мікалаевіч Анашкін. – Дзякуй за гэта арганізатарам мерапрыемства Марыі Іванаўне Вінчэўскай і работнікам бібліятэкі. Мяркую, што цудоўныя малюнкі Орды, расказ пра яго жыццё, нікога не пакінулі абыякавымі, больш таго, прымусілі задумацца, што трэба надзвычай беражліва ставіцца да нацыянальнай спадчыны, каб было што пакінуць нашчадкам.

Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.