Узаемакарысны дыялог | Дзяннiца

Узаемакарысны дыялог

Версия для печатиВерсия для печати

Жыхары раёна прывыклі абмяркоўваць з уладай свае жыццёвыя пытанні праз суботнія “прамыя лініі”. Пра гэта сведчыць тэлефонны дыялог, які вёў з насельніцтвам старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Юльянавіч Сакалоўскі. На сувязь з ім выйшлі 10 чалавек – гараджане і вяскоўцы. Людзі гаварылі пра злабадзённыя праблемы, якія іх турбуюць, выказвалі свае меркаванні, падказвалі адрасы, дзе патрэбна ўвага ўлады і пэўных службаў.

У прыватнасці, некалькі зваротаў датычыліся жыллёва-камунальнай службы: былі закрануты пытанні плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі, рамонту даху, ацяплення кватэры і іншыя.

Па дыялогах адчувалася, што старшыня раённага Савета дэпутатаў у курсе пытанняў, якія датычаць жыццезабеспячэння насельніцтва. Іван Юльянавіч некаторых абанентаў ведае як добрых работнікаў і прыстойных людзей, таму размова была вельмі даверлівай. Так, жыхар аграгарадка Ражанка, вадзіцель адной з раённых аператыўных службаў, папрасіў звярнуць увагу на адрэзак дарогі ў накірунку на Ракавічы: пасля зімы ў асфальтным пакрыцці з’явіліся выбоіны. А жыхарка вёскі Юраўка занепакоена тым, што своечасова не атрымала грашовую надбаўку за здадзенае ад уласнай кароўкі малако. Па даручэнні І.Ю. Сакалоўскага з гэтым пытаннем разабраўся спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і, пакуль ішла “прамая лінія”, далажыў сітуацыю старшыні райсавета. Адказ будзе накіраваны і жанчыне, якая патэлефанавала на “прамую лінію”.

Часта вельмі важна патлумачыць людзям, чаму прымаецца тое ці іншае рашэнне. Выслухаўшы жыхара вёскі Шайбакі, які пытаўся, чаму ў іх населеным пункце адключана вулічнае асвятленне, І.Ю. Сакалоўскі адказаў:

-- На адключэнне вулічных ліхтароў дало каманду само жыццё. Год няпросты ў фінансавым плане, патрабуе жыць па сродках. У бюджэце найперш першачарговыя выдаткі. Ёсць грошы заплаціць за электраэнергію – будзе і святло, няма – трэба ісці на часовае адключэнне. Таму сельсавецкай уладзе часам прыходзіцца прымаць і такое рашэнне. Прашу з разуменнем да яго аднесціся.

Дарэчы, рэжым эканоміі актуальны і для Шчучына. А “змякчыць” пытанне дапамагае наступленне вясны: кожны новы дзень дабаўляе святла.

Уважліва выслухаўшы жыхарку дома №13 па вуліцы Астроўскага (жанчына паскардзілася, што працякае шыферны дах), старшыня райсавета даручыў унікнуць у праблему кіраўніцтву РУП ЖКГ і дапамагчы яе вырашыць. Зварот гараджанкі адразу ж узяў на карандаш намеснік дырэктара гэтага прадпрыемства А.В. Шкіндзераў, які прысутнічаў на “прамой лініі”. Камунальнай службе прадстаіць таксама вывучыць сітуацыю і даць тлумачэнні на званок жыхаркі дома №28 па гэтай жа вуліцы. Па словах жанчыны, за электраэнергію, спажытую на асвятленне месцаў агульнага карыстання ў шматпавярхоўцы, ёй і іншым жыльцам трэба заплаціць у разы больш, чым жыхарам суседняга дома. Не задавальняе гараджанку і тэмпература гарачай вады з крана, а яшчэ тое, што некалькі жыльцоў не пагаджаюцца самастойна прыбіраць у пад’ездзе, хаця астатнія – “за”. У апошняй сітуацыі нікога не прымусіш, патлумачылі заяўніцы. Як слушна заўважыў І.Ю. Сакалоўскі, “трэба размаўляць між сабой і знаходзіць кансенсус”, бо ў адпаведнасці з палажэннем, неабходна атрымаць згоду не большасці, а ўсіх жыльцоў пад’езда.

Пытанне памеру аплаты за ацяпленне кватэры турбуе і жыхарку аграгарадка Новы Двор. А вяскоўка з Касцянева выказала свой пункт гледжання на працэс навядзення парадку на зямлі, зносу спарахнелых сядзіб. “Гэта добрая справа, работа вядзецца ў комплексе: зносіцца стары безгаспадарны будынак, выкарчоўваюцца здзічэлыя пладовыя дрэвы, а зямля акультурваецца і ўводзіцца ў севазварот,”-- падкрэсліў у дыялогу з ёй старшыня райсавета дэпутатаў. Па такой схеме шмат зроблена ў многіх вёсках раёна, у тым ліку і ў Касцяневе, дзе жыве нераўнадушная жанчына. Пры добраўпарадкаванні населеных пунктаў яшчэ не раз прадстаіць прымаць рашэнні аб далейшым лёсе вялікай колькасці “асірацелых” дамоў і хутароў, нагадаў Іван Юльянавіч. Дарэчы, ён вітае добрую тэндэнцыю, калі нашчадкі вяртаюцца на бацькаўшчыну, каб удыхнуць у яе новае жыццё, або жыхары гарадоў набываюць моцныя сядзібы пад дачы ці для жылля. Што да спарахнелых будынкаў, то іх шкадаваць не варта.

На “прамую лінію” звярнулася і жыхарка Ліды, якая непакоіцца, што засталася не агароджанай частка могілак у Вялікім Мажэйкаве. І.Ю. Сакалоўскі адказаў, што ведае пра гэту сітуацыю, і што паставіць кропку ў справе не дазваляе адсутнасць сродкаў у бюджэце. Трэба шукаць іншыя іх крыніцы і спосабы завяршыць работу.

На працягу трох гадзін актыўнага дыялогу прадстаўнік улады і грамадзяне разам шукалі адказы на ўласныя бытавыя і грамадскія пытанні. Так жыхар Шчучына з вуліцы Гастэлы агучыў свае прапановы па арганізацыі лазневага абслугоўвання. Яны будуць накіраваны на разгляд спецыялістаў РУП ЖКГ.

Па некалькіх зваротах тлумачэнні дадзены адразу. Асобныя патрабуюць разгляду спецыялістаў адпаведных службаў, іх вырашэнне будзе знаходзіцца на кантролі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.