Тры сястры | Дзяннiца

Тры сястры

Версия для печатиВерсия для печати

Сорак пяць гадоў назад у Пер­ша­май­с­кай бальніцы мясцовая жы­хар­ка нарадзіла трайнят – цу­доў­ных дзяўчынак. Дзве з іх, стаў­шы дарослымі, прыйшлі сю­ды працаваць.

“Дзе тут вашы двайняты?” – пы­та­ю­ся, пераступіўшы парог Пер­ша­май­с­кай участковай ба­ль­ні­цы. “Гэта мы, – адклікаюцца дзве прывабныя маладыя жан­чы­ны. І папраўляюць: – Толькі мы з трайнят...”. “Нічога сабе”, – дзіў­лю­ся я, прашу прабачэння за сваю няпоўную ін­фар­ма­ва­насць і ... з задавальненнем слу­хаю сямейную гісторыю мед­сяс­т­ры Наталлі Пятроўны Саковіч і са­ні­тар­кі Ірыны Пятроўны Са­ко­віч. Пра нараджэнне траіх сясцёр – чарнявай, бялявай і ... яшчэ ад­ной, хоць не рыжа-кучаравай, як у песні пяецца, але не менш аба­я­ль­най.

Той дзень – 7 сакавіка 1971 года – складана было назваць вяс­но­вым. Калі вясковую парадзіху – жы­хар­ку Куляшоў Валянціну Мі­сю­ке­віч  – калгасная “лятучка” імчала ў ба­ль­ні­цу, ваколіцы былі шчыльна прык­ры­ты снежнай коўдрай. Ехала 22-гадовая жанчына па дваіх дзе­так (пра “ўзі” тады яшчэ не чулі), а на свет з’явілася ... трайня. Да­ве­даў­шы­ся пра “сюрпрыз”, не хаваў слёз радасці бацька немаўлятак Пётр Паўлавіч – вытрыманы і моц­ны мужчына. І не дзіва: у сям’і ўжо пад­рас­та­лі сыны-двайняты двух з па­ло­вай гадкоў ад роду, а тут та­кое папаўненне – ажно тры да­чуш­кі.

– Я – старэйшая, – усміхаецца На­тал­ля Пятроўна – адна з маіх но­вых знаёмых. – Нарадзілася пер­шая, кволая, вагой кіло шэс­ць­сот. Затым з’явіліся на свет крыху больш “важкія” Алена і Ірына. У ба­ль­ні­цы нас выходжвалі ажно два ме­ся­цы, пакуль вагу не набралі...

Вялікая радня (толькі па ма­ця­рын­с­кай лініі ў трайнят было ажно во­сем родных цёцяў і дзядзяў, ды і па бацькавай – пяць!) па­лю­ба­ва­ла­ся на малых і разышлася па сваіх спра­вах, а Валянціна і Пётр, як маг­лі, ставілі на ногі сваіх пецярых наш­чад­каў. Дапамагалі бабуля Зі­на і дзед Павел – бацькі мужа, у до­ме якіх тады жыла маладая ся­м­’я. Выхоўвалі без празмерных пес­таў, у павазе да працы. Ужо стаў­шы дарослымі, дзяўчаты ацанілі гэ­та. “Мы гадоў з дзесяці да­па­ма­га­лі маме па гаспадарцы”, – рас­каз­вае Наталля.

Дарэчы, папаўненне ў сям’і Мі­сю­ке­ві­чаў – загадчыка і рабочай зер­няс­к­ла­да – стала падзеяй не то­ль­кі мясцовага значэння. Кі­раў­ніц­т­ва калгаса “на радасцях” вы­пі­са­ла дэфіцытныя на той час сі­лі­кат­ныя блокі на новы дом і бяс­п­лат­на выдзеліла транспарт для пе­ра­воз­кі.

Не інакш як “нашы прыгажуні” на­зы­вае цяпер Наталлю і Ірыну іх ста­рэй­шая калега медсястра Ван­да Станіславаўна Рамашкевіч. Ці­ка­ва, што на вачах гэтай жанчыны – у мінулым фельчара За­мас­цян­с­ка­га ФАПа – маленства Мі­сю­ке­ві­чаў набірала свае першыя кі­лаг­ра­мы.

– Што ў Валянціны будзе двое дзе­так, медыкі ведалі. А як стала на­рад­жаць – здзівіліся. Не па­мя­таю, каторую, але адну з траіх я вез­ла  на руках з раддома, – з ус­меш­кай паглядаючы на сясцёр, ус­па­мі­нае жанчына. – Да іх на пат­ра­наж месяц хадзіла штодзень, а по­тым пра стан здароўя адзвоньвала ў Шчучын. І ўрач раз на тыдзень пры­яз­д­жаў. Пральная машына ў іх до­ме не пераставала гудзець. Рас­лі дзяўчаткі здаровенькімі. Бывала, іду міма, а яны цікуюць: чарнявая і дзве бялявыя галоўкі з-за плоту паг­ля­да­юць, вітаюцца...

Свае светлыя ўспаміны і ў На­тал­лі з Ірынай. Пра тое, як трое спа­лі на адным вялікім ложку, зроб­ле­ным масцеравым дзядулем Паў­лам. Іра потым сваіх дзяцей і ўну­каў на гэтым “троне” гадавала, рас­па­вя­дае Наталля Пятроўна. Не за­бы­ва­ец­ца, як іх моцны і добры ба­ць­ка любіў забаўляцца з малымі: ся­даў на падлогу, а яны з усіх ба­коў абляплялі татку. 

Тры сястры скончылі мясцовую дзе­ся­ці­год­ку і на нейкі час раз­лу­чы­лі­ся, каб спраўдзіць свае мары. “Старэйшая”, як называе сябе На­тал­ля па праве першынства з’яў­лен­ня на свет, паступіла ў Гродзен­с­кае медвучылішча, “сярэдняя” Алена паехала вучыцца ў Вялікалукскі сельгасінстытут, а Іры­на захацела стаць швачкай. І ўсе як адна знайшлі сябе ў пра­фе­сі­ях, жывуць і працуюць так, каб не зас­му­ціць сваю матулю. Трэба ска­заць, што мнагадзетнай Валянціне Мац­ве­еў­не пашчасціла з “дзіцячым скар­бам”, але ў 43 давялося пас­пы­таць удовінага лёсу: рана пай­шоў Пётр Паўлавіч з жыцця... Мно­гім ахвяравала мудрая, кла­пат­лі­вая і працавітая сяльчанка, каб то­ль­кі яе дзеткам было добра. І ця­пер, расказваюць дарослыя дочкі, ма­ту­ля часам уздыхае, што ха­це­ла, але не змагла зрабіць для іх больш... Аднак найчасцей 68-га­до­вая Валянціна Мацвееўна ра­ду­ец­ца, акружаная пяццю дзецьмі, дзе­вяц­цю ўнукамі і трыма праўнукамі. Уся радзіна надзвычай дружная, не забывае бацькоўскі дом. 

Наталля і Ірына, з якімі вяду раз­мо­ву, расказваюць, што яны роз­ныя і знешне, і па характары. У кож­най – свой лёс. Хаця ёсць і тое, што яднае. Так, абедзве выйшлі за­муж за мясцовых хлопцаў, да­рэ­чы, цёзкаў па прозвішчы. Ірына паб­ра­ла­ся шлюбам са сваім Ва­ля­р­’­я­нам Георгіевічам Саковічам у 18 год і цяпер у прыгожым “ягадным уз­рос­це” ўжо радуецца на ўнукаў (у яе і ў сястры Наталлі па двое дзя­цей). Жыве ў Дудках, пад адным да­хам са свекрывёй. Наталля Пят­роў­на са сваім Ігарам Кузьмічом абу­лад­ка­ва­ла­ся ў Забалаці.  Абедз­ве сястры ўжо многа год пра­цу­юць у Першамайскай участковай ба­ль­ні­цы – тут, дзе 45 год назад па­чу­лі іх першы крык. Прыветных і сім­па­тыч­ных жанчын вельмі па­ва­жа­юць і цэняць калегі, любяць іх і па­цы­ен­ты.

Загадчыца сельскай бальніцы Ма­рыя Іванаўна Конанава рада, што ў калектыве такія адказныя і во­пыт­ныя супрацоўніцы, да таго ж ду­шэў­ныя жанчыны. Паставая мед­сяс­т­ра Наталля Пятроўна Са­ко­віч, расказвае яна, у белым ха­ла­це ўжо чвэрць стагоддзя. Са­ні­тар­ка Ірына Пятроўна Саковіч тры­мае тут парадак 21 год. “Новых ра­бот­ніц да яе на “курсы” адпраўляю: ве­даю, што навучыць усяму”, – ка­жа кіраўнік медустановы. 

Пра талент сясцёр весці ўлас­ную хатнюю гаспадарку (па іх сло­вах, гэта маміна заслуга) трэба пі­саць асобна. Скажу толькі, што ў абедз­вюх умелыя рукі. У Ірыны яны проста залатыя: і шые, і вяжа, і вышывае, і прычоску зробіць. А  ку­лі­нар­ка якая адмысловая! 

Няхай даруе трэцяя іх сястра Але­на: складана было спланаваць, каб сустрэцца з усімі трыма жан­чы­на­мі. Не паверыце: толькі напісала гэ­тыя радкі, як зазваніў тэлефон і... Так, на тым канцы проваду была Але­на Пятроўна Якута – сястра На­тал­лі і Ірыны Саковіч. Паведала, што жыве з мужам Алегам Фе­а­до­сь­е­ві­чам ў Лідзе, вырасціла сына, пра­цуе ў раённай дзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахо­ве раслін. Расчуленая жан­чы­на, як і яе сёстры, адрасавала лю­бай матулі многа добрых слоў удзяч­нас­ці – за бяссонныя ночы, за са­ма­ах­вяр­насць, жыццёвую навуку і бязмежную любоў, якой хапала на кож­на­га з пецярых... Дарэчы, знай­ш­лі сябе ў жыцці, маюць павагу ў людзей і два браты сясцёр-трайнят Ва­сі­лій і Сяргей. Адзін жыве ў Грод­не, другі – у Астраўцы. І ў сэр­цы кожнага з дарослых дзяцей, за­пэў­ні­лі мяне дочкі Валянціны Мац­ве­еў­ны Місюкевіч, – толькі светлыя і ўдзячныя пачуцці да сваіх ба­ць­коў.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара
 і з сямейнага архіва.