Шчучынскім мадэлістам няма роўных у вобласці | Дзяннiца

Шчучынскім мадэлістам няма роўных у вобласці

Версия для печатиВерсия для печати

Нядаўна выхаванцы Шчучынскага цэнтра тэхнічнай творчасці вярнуліся з Гродна, дзе паспяхова выступілі на абласных спаборніцтвах па прасцейшых лятаючых мадэлях.

Нашы мадэлісты Мікіта Грэцкі, Ілья Руткевіч, Мікіта Сайдак і Уладзіслаў Хвайніцкі сталі лепшымі ў сваіх узроставых катэгорыях, прычым перамаглі адразу ў двух класах мадэлей: “духавых” і кідальных планерах. У тройку лідараў увайшлі і іх сябры па камандзе Кірыл Грэцкі, Аляксандр Красько, Андрэй Арцюхоў і Аляксандр Бражаловіч. У агульным заліку шчучынская зборная таксама набрала больш за ўсіх ачкоў і заняла першае месца. Прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі.

-- Да ўдзелу ў гэтых спаборніцтвах рабят рыхтаваў педагог дадатковай адукацыі Яўгеній Мікалаевіч Чашчэвік, які за 23 гады працы ў нашай арганізацыі выхаваў не адно пакаленне шчучынскіх мадэлістаў, -- зазначае метадыст раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Таццяна Іванаўна Дысько. – Ён заўсёды падыходзіць да любімай справы з душою, аб чым сведчаць высокія дасягненні яго выхаванцаў.

Дарэчы, на абласных спаборніцтвах па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю, што праходзілі ў Гродне, каманда Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці таксама выступіла дастойна і заняла другое месца.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.