Спецыялісты занальнага інстытута раслінаводства будуць праводзіць маніторынг палеткаў на квадрацыклах

 

Нядаўна на “ўзбраенні” спецыялістаў Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі з’явіліся 4 квадрацыклы высокай праходнасці, якія дапамогуць навукоўцам аператыўна праводзіць маніторынг палеткаў.

 

– Два месяцы назад мы купілі адзін квадрацыкл, каб пратэсціраваць яго ў палявых умовах, – гаворыць дырэктар занальнага інстытута раслінаводства Сяргей Мікалаевіч Шэўчык. – Наездзілі на ім ужо 400 кіламетраў, і тэхніка выдатна зарэкамендавала сябе: надзейная, высокапраходная, яна развівае хуткасць да 60 кіламетраў у гадзіну і можа перавозіць двух чалавек і карзіны з грузам. Таму вырашылі павялічыць парк квадрацыклаў да чатырох, кошт кожнага з якіх складае 4200 рублёў. Дадаткова згодна з патрабаваннямі правіл бяспекі набылі шлемы. Цяпер абкатваем новую тэхніку на ўнутрыгаспадарчых дарогах, пазбягаючы дарог агульнага карыстання.

 

Сярод тых, хто паспяхова асвоіў кіраванне квадрацыклам, – навуковы супрацоўнік Вольга Міхайлаўна Ануфрык.

 

– Для гэтага мне спатрэбіўся ўсяго тыдзень, і не на якую катэгорыю здаваць не трэба, – зазначае Вольга Міхайлаўна. – Катацца на квадрацыкле не складаней, чым на веласіпедзе. Тут усталявана каробка-варыятар з дзвюма перадачамі: “уперад” і “назад”. Дастаткова выціснуць газ, і машына паслухмяна рухаецца ў зададзеным напрамку. Квадрацыкл выдатна пераадольвае гравійныя дарогі нават пасля дажджу, а шырокія колы не прымінаюць пасевы на палях. Расход бензіну на 100 кіламетраў складае 7 літраў. Гэта не так мала, але затое аператыўнасць маніторынгу палеткаў павялічылася ў разы.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!