У футбол гуляюць пракуроры | Дзяннiца

У футбол гуляюць пракуроры

Версия для печатиВерсия для печати

На базе новага шчучынскага спарткомплекса прайшоў турнір па міні-футболе сярод работнікаў пракуратур Гродзеншчыны. Ініцыятарам спаборніцтваў выступіў галоўны пракурор вобласці Віктар Мікалаевіч Марозаў, які, дарэчы, узначальвае абласную федэрацыю футбола.

За званне мацнейшых футбалістаў турніру змагаліся каманда апарата абласной пракуратуры, футбольная дружына пракуратуры Гродзенскага раёна і зборная пракуратур Гродзеншчыны. У складзе зборнай, дарэчы, іграў пракурор Шчучынскага раёна Максім Кірыла.

Матчы праходзілі надзвычай напружана, і, што сімвалічна, без парушэнняў правіл. Адразу было бачна, што на полі гуляюць праваахоўнікі. У выніку першае месца заняла каманда пракуратуры Гродзенскага раёна, а лепшым іграком спаборніцтваў быў прызнаны шчучынец М.К. Кірыла.

-- Раней турнір заўсёды праходзіў у Гродне, а сёлета было вырашана арганізаваць яго ў Шчучыне, -- дзеліцца прадстаўнік зборнай пракуратуры Гродзенскага раёна Максім Алегавіч Дудко. – І цяпер я разумею чаму! Шчучынскі спарткомплекс адпавядае ўсім сучасным патрабаванням і з’яўляецца адным з лепшых у вобласці. Гуляць тут у міні-футбол – адно задавальненне!

Высокі ўзровень арганізацыі турніру адзначылі і іншыя ўдзельнікі спартыўнай сустрэчы.

-- Тут мы не толькі ўмацавалі сваё здароўе, але і бліжэй пазнаёміліся з калегамі, -- зазначае пракурор Шчучынскага раёна Максім Кірыла. – Штогод наша служба папаўняецца маладымі кадрамі, якія актыўна займаюцца спортам і прапагандуюць здаровы лад жыцця. Тым самым яны фарміруюць пазітыўны імідж праваахоўнікаў як людзей моцных духоўна і фізічна.

Дарэчы, па выніках турніру па міні-футболе будзе створана зборная каманда пракуратур Гродзенскай вобласці, якая прыме ўдзел у рэспубліканскім этапе спаборніцтваў, што пройдуць у маі ў Мінску.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.