Прызванне – людзей аберагаць | Дзяннiца

Прызванне – людзей аберагаць

Версия для печатиВерсия для печати

Міліцыя пачынаецца з аператыўна-дзяжурнай службы. Гэта яе супрацоўнікі кругласутачна на прамой лініі з насельніцтвам: прымаюць паведамленні аб здарэннях і злачынствах, просьбы аб дапамозе, даюць парады, проста выслухваюць нечы крык душы... Так, летась сюды паступіла да шасці тысяч самых розных сігналаў – вусных і пісьмовых. Тэлефон 102 даступны для ўсіх. Дарэчы, менавіта АДС у ліпені гэтага года адзначыць 50-годдзе з дня стварэння.

– Першыя слухаем чалавека, першыя рэагуем на яго зварот, – падкрэслівае начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Шчучынскага РАУС маёр міліцыі Павел Паўлавіч Найда. – Таму ад нашых супрацоўнікаў патрабуецца хуткасць у прыняцці рашэння, сканцэнтраванасць, кемлівасць. Ад дзеянняў аператыўнага дзяжурнага залежыць, ці будзе злачынства раскрыта па гарачых слядах. Сюды ж, у “дзяжурку”, дастаўляюць парушальнікаў грамадскага парадку, а гэта не самыя ціхія грамадзяне. Значыць, вытрымка і веданне псіхалогіі таксама не лішнія.

АДС – гэта 16 супрацоўнікаў міліцыі, большасць з якіх служаць у органах даўно, многія афіцэры прайшлі сур’ёзную школу ў іншых аператыўных падраздзяленнях – крымінальным вышуку, ахове правапарадку, АБЭЗ. З іх ліку і Павел Паўлавіч Найда. Кіраўніцтва службай ён прыняў у 2011 годзе.

А шчучынцам Павел Найда стаў за дзясятак год да гэтага. Статны малады афіцэр, ураджэнец Мастоў, на той час меў за плячамі вучобу ў Магілёўскай школе міліцыі, службу ў “патрульцы” абласнога цэнтра і ў крымінальным вышуку Мастоўскага РАУС. Багаж ведаў пацвярджаў і дыплом Акадэміі МУС, якую  скончыў завочна. Прадаўжаць службу ў радах шчучынскіх ахоўнікаў правапарадку давялося на пасадзе оперупаўнаважанага аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, якое потым пяць гадоў узначальваў.

Маючы такі важкі службовы набытак – 21 год няпростых міліцэйскіх будняў, Павел Паўлавіч не забывае і сваё першае “баявое хрышчэнне”:

– Яшчэ быў курсантам школы міліцыі і праходзіў практыку ў райаддзеле роднага горада, калі давялося затрымліваць грабежніка. Моцны, нашмат старэйшы мужчына кінуўся наўцёкі. Дагнаў і затрымаў, як потым аказалася, грамадзяніна з багатай крымінальнай біяграфіяй і сур’ёзным турэмным “статусам”. 

 Былі і іншыя яркія, часам небяспечныя эпізоды службы, якія выпрабоўвалі на прафесіяналізм, вытрымку і смеласць. Дастойна іх прайсці дапамагалі маладому афіцэру вопытныя настаўнікі – мастоўскі “опер да мозга касцей”, як яго называе Павел Паўлавіч, Уладзімір Грэцкі і прыроджаны сышчык Аляксандр Мартыненка. Пазней, у Шчучынскім РАУС, міліцэйскую навуку спасцігаў побач з Андрэем Казіміравічам Якусікам і Валерыем Раманавічам Мікалайчыкам, а сакрэты новай, незнаёмай работы ў АБЭЗе з Сяргеем Мар’янавічам Сядзельнікам і Сяргеем Міхайлавічам Тарасам. 

Дарэчы, прыклад самаадданага служэння людзям быў і ў радні. Міліцэйскі кіцель насіў дзядзя – бацькаў брат, палкоўнік міліцыі (цяпер ужо ў адстаўцы)  Пётр Анатольевіч Найда. Моцнае плячо гэтага чалавека Павел адчуваў з маленства: калі хлопцу было пяць гадоў, памёр бацька, і сваяк дапамагаў як мог. Гледзячы на дзядзю, і сам Павел вызначыўся з прафесіяй.

Сваю цяперашнюю службу Павел Паўлавіч лічыць архіважнай. Найперш таму, што па дзеяннях аператыўных дзяжурных – як слухалі, як адказвалі, наколькі хутка прыехалі і граматна дзейнічалі на месцы... – людзі мяркуюць аб ўсёй міліцыі. А гэта – вялікая адказнасць, якую разумеюць усе без выключэння супрацоўнікі “дзяжуркі”. 

Аператыўныя дзяжурныя і іх памочнікі ўмеюць ацэньваць сітуацыю па лініі ўсіх службаў, умеюць аналізаваць, працаваць у камандзе, задаволены П.П. Найда. Старэйшыя перадаюць вопыт малодшым. Сам ён у службовым кабінеце не затрымліваецца, практычна ўвесь час – у “дзяжурцы”. Трэба – і за руль сядзе, каб не ўпусціць час і даставіць апергрупу па выкліку. Павел Паўлавіч, мяркую, знарок не вызначае кагосьці са сваіх падначаленых. Кажа, усе дастойныя служыць у АДС – падраздзяленні, якое з’яўляецца гэткім “спадарожнікам” па прыёме сігналаў ад людзей і арганізацый. А сваім калегам наказвае адносіцца да іншых так, як хацелі б, каб адносіліся да іх. “Калі злачынцу “са стажам”, які перад табой проста фантануе агрэсіяй, называю на Вы, спачатку бачу здзіўленне ў яго вачах, а потым – як мяняюцца яго паводзіны”. Афіцэр прызнаецца, што сам не прымае крывадушнасць і хлусню і не любіць, калі нехта “выкручваецца”, перакладае віну на іншага.

Выбраў міліцэйскую службу, значыць, прымі яе як лад жыцця, разважае П.П. Найда. Зразумей, што будзеш сутыкацца з негатывам, мець кантакты з рознымі людзьмі, і не толькі тымі, хто бачыць у табе абаронцу. “Нашы дзеянні, хоць і дазволеныя законам, але, здараецца, абмяжоўваюць свабоду людзей, а гэта выклікае адпаведную рэакцыю, – разважае ён. – Вельмі хочацца, каб міліцыю не ўспрымалі як каральны орган. Мае калегі аберагаюць ад злачынцаў і ліхадзеяў, прыходзяць на дапамогу па першым поклічу”.

Што да часу, аддадзенага рабоце, то... “Сам сабе не належыш”, – прызнаецца Павел Паўлавіч. І кожнаму, хто выбірае службу ў міліцыі, трэба пра гэта ведаць, лічыць ён. І жанчыне, якая звязвае свой лёс з супрацоўнікам міліцыі, – таксама. Афіцэр задаволены: яго жонка Таццяна Тадэвушаўна за 15 год сумеснага жыцця заслугоўвае толькі ўдзячнасці і любві. За цярпенне, разуменне, падтрымку... 15-гадовая дачка Каця таксама добра ведае, чаму бацькава праца “адрывае” яго ад сям’і, і прымае такі лад жыцця. 

Абедзве дарагія сэрцу жанчыны з разуменнем ставяцца і да яго грамадскага занятку. Павел Паўлавіч у вольны ад службы і хатніх клопатаў час спяшаецца ў праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Дружына”. Тут ён дапамагае выхаванцам (а гэта 30 чалавек) стаць моцнымі фізічна і духоўна, цаніць дружбу, братэрства, а таксама любіць Радзіму. “Праз месяц тэарэтычных і практычных заняткаў бачна, як дзеці мяняюцца да лепшага, што радуе і мяне, і іх бацькоў, – кажа ён. – Некаторыя менавіта ў нас вызначаюцца з прафесіяй – мараць апрануць кіцелі з пагонамі”. 

Прызнаецца, што стасункі з падлеткамі наладзіліся ў той момант, калі і самому давялося пераацэньваць жыццёвыя каштоўнасці. З’явілася разуменне шматграннасці жыцця і таго, што кожны чалавек прыходзіць у гэты свет са сваёй місіяй. Маёр міліцыі Найда бачыць яе ў тым ліку і ў служэнні грамадству. Гэта – унутранае перакананне. І ў большасці калег яно таксама прысутнічае, запэўнівае афіцэр. У тых, для каго міліцэйская служба – не прыгожая форма і прыстойная зарплата, а мэтанакіраваны і ўсвядомлены выбар, прадыктаваны жаданнем аберагаць людзей і рабіць іх жыццё спакойным.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Ганны КАСПЕР.