Жыццёвыя пытанні мясцовага значэння | Дзяннiца

Жыццёвыя пытанні мясцовага значэння

Версия для печатиВерсия для печати

Аграсядзібу “Фазэнда”, чыгуначную станцыю і ФАП у пасёлку Ражанка, а таксама раён новай жылой забудовы і адмі­ністрацыйны будынак лясніцтва ў аднайменным аграгарадку наведалі члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў падчас свайго планавага выязнога мерапрыемства. Мэта – пацікавіцца работай, выслухаць і абмеркаваць праблемныя пытанні мясцовага значэння.

Пазней прадстаўнікі ўлады адзначаць: афіцыйныя агледзіны пакінулі добрае ўражанне, рабочы рытм і на гэтых аб’ектах, і ў цэлым па сельсавеце нармальны, ёсць добрае ўзаемадзеянне з уладай. 

Што да аграсядзібы, абуладкаванай вядомым на Шчучыншчыне бізнесменам С.У. Клышэвічам, то яна адчыніла дзверы з восені мінулага года. “Фазэнда” прытулілася да ляснога масіву і бачна з дарогі, што вядзе да станцыі Ражанка з боку Шчучына. На плошчы ў адзін гектар размясцілася некалькі новых і рэканструяваных пабудоў. Для прыёму і абслугоўвання гасцей ёсць утульная зала для застолля, спальныя пакоі, лазня з міні-басейнам, душам і іншымі “цікавінкамі”, нават пляцоўка для заняткаў модным пейнтболам абуладкавана.

Сяргей Уладзіміравіч Клышэвіч падзяліўся планамі, расказаў, як арганізаваў у родных мясцінах і вядзе новую для сябе справу, якая, дарэчы, спрыяе і павышэнню турыстычнай прывабнасці рэгіёна.

Зацікаўлены дыялог адбыўся ў членаў прэзідыума райсавета з начальнікам лінейнай станцыі “Ражанка” Ю.С. Амелішка. Юрый Сяргеевіч расказаў, што гасцям Дня беларускага пісьменства было прыемна прыбываць і адпраўляцца з абноўленых перона і залы чакання, а таксама пра пасажырапаток і аб’ёмы грузаперавозак. А загадчыца мясцовага ФАПа М.М. Сарока (у медыцыне больш за 40 год) распавяла пра запатрабаванасць сваёй установы ў жыхароў сямі вёсак сельсавета, сярод якіх многа пажылых людзей, адказала на пытанні старшыні раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскага, членаў прэзідыума, у прыватнасці, намесніка старшыні Г.С. Хвядзюк і кіраўніка адной з пастаянных камісій, галоўнага ўрача УАЗ “Шчучынская ЦРБ” С.Г. Амбрушкевіча. 

У шэры лютаўскі дзень дабавілі фарбаў два чатырохкватэрныя жылыя дамы ў аграгарадку Ражанка, пабудаваныя для работнікаў ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Як расказаў намеснік кіраўніка гаспадаркі па камерцыйных пытаннях К.М. Куц, на жыллё выдаткавана звыш шасці мільярдаў рублёў, вясной будзе праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Яшчэ адзін яркі штрых у навакольным пейзажы – адміністрацыйны будынак-церамок Ражанкаўскага лясніцтва. З веданнем справы паведаў пра работу гэтай установы ляснічы Г.Ю. Вашчыла. Уладанні лясніцтва, арганізаванага ў 2001 годзе, займаюць плошчу 8130 га – на тэрыторыі Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў. Невялікая каманда, а кадравы патэнцыял тут стабільны, займаецца карыснай і адказнай справай: ахоўвае і прымнажае лясныя багацці, рэалізуе насельніцтву дзелавую драўніну і дровы...

Выязное пасяджэнне прэзідыума райсавета дэпутатаў завяршылася пленарным – ужо ў сценах Ражанкаўскага сельвыканкама і з удзелам кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў, якія працуюць на тэрыторыі сельсавета, дэпутатаў і актыву. Аналіз работы органа ўлады пярвічнага ўзроўню на падведамаснай тэрыторыі зрабіў старшыня Ражанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў В.В. Бурдзей. 

Асноўнымі напрамкамі мінулагодняй ды і сёлетняй дзейнасці Віктар Валянцінавіч вызначыў прафілактыку пажарнай бяспекі, правапарушэнняў і злачынстваў. Гэты вектар дзейнасці ўлады на вачах практычна ў кожнага з жыхароў 37 населеных пунктаў сельсавета. Многія з вяскоўцаў не раз прывіталі ў сваіх дамах членаў аглядных камісій: летась было абследавана 659 домаўладанняў. Прадстаўнікі суб’ектаў прафілактыкі трымаюць на асобным кантролі аматараў спіртнога, сямейных дэбашыраў і схільных да крымінальных дзеянняў. Такіх грамадзян “патрывожылі” яны і падчас нядаўняй прафілактычнай адпрацоўкі тэрыторыі з удзелам праваахоўных органаў. У адной з хатніх вінакурань засталі гаспадыню за “работай”: апарат яшчэ не паспеў астыць... Алкагалізацыя насельніцтва – сур’ёзная праблема і для гэтага сельсавета: 133 жыхары, з іх 29 жанчын, стаяць на ўліку ва ўрача-нарколага. “Прышчэпку” ад недастойных паводзін і нездаровых звычак асобным парушальнікам робяць і на пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы парадку – з прымяненнем адміністрацыйных мер уздзеяння.

Летась пажары не абышлі бокам і ражанкаўскі рэгіён: адбылося тры ўзгаранні, але, на шчасце, людзі ахвярамі агню не сталі. Зменшыць трывожныя лічбы дапамагла мэтанакіраваная работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, старастаў і дэпутатаў, лічыць старшыня сельскага Савета. Пад асаблівай увагай былі адзінокія і адзінока пражываючыя людзі ва ўзросце старэй за 80 гадоў. 

– Гэта нашы агульныя пытанні, таму і зацікаўленасць у іх вырашэнні павінна быць агульная, – падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі. – Што да сямейнага недабрабыту і супрацьдзеянню крыміналу, то тут адзін для ўсіх алгарытм дзеянняў: своечасова пачуць, убачыць і давесці да ведама праваахоўных органаў.

Сельсавецкая ўлада разумее сваю адказнасць за шырокі спектр пытанняў, якія датычаць жыццядзейнасці насельніцтва, і стараецца іх вырашаць. Так, наладжана сістэма збору і вывазу цвёрдых бытавых адходаў. 50 мільёнаў рублёў выдаткавана на захаванне і рэкультывацыю міні-палігона ў Карпейчыках. Устаноўлены памятны знак у вёсцы Забор’е ў памяць пра вяскоўцаў, якія былі расстраляны фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Рамонтны завод дапамог у бягучым рамонце памятных месцаў пахаванняў.

А вось у навядзенні парадку на зямлі трэба праяўляць больш напорыстасці, зладжанасці і адраснасці, лічыць Іван Юльянавіч. У населеных пунктах ажно 600 пустуючых дамоў, сярод якіх ёсць спарахнелыя будынкі. Адрасы такой неўпарадкаванасці ён ведае, не раз бываў у вёсках сельсавета. “Любы кавалак зямлі, тым больш урадлівай, павінен  працаваць, – запатрабаваў старшыня райсавета. – Добраўпарадкаванне – адзін з важнейшых пунктаў нашай сумеснай работы”.

На пасяджэнні закранулі і іншыя пытанні сельскага жыцця, у прыватнасці, рамонту дарог і вуліц. А І.Ю. Сакалоўскі акцэнтаваў увагу на актуальнасці развіцця падсобнай гаспадаркі. Гэта своеасаблівая падушка бяспекі для сям’і падчас крызісных праяў, перакананы ён. Канешне,  дзяржава забяспечыць пэўныя сацыяльныя гарантыі, але на свой дабрабыт кожны чалавек павінен працаваць найперш сам.

Па абмеркаваных пытаннях прынята адпаведнае рашэнне.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.