У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” поўным ходам ідзе ручны збор наготак

 

 

У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” поўным ходам ідзе збор наготак, якія вядомы сваімі раназажыўляючымі, бактэрыцыднымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі і шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Убіраюць лекавыя кветкі мясцовыя жыхары, а таксама наёмныя сезонныя рабочыя.

 

img_0565.jpg

 

Сярод тых, хто з раніцы працуе ў полі, падлеткі Уладзімір Коўчык і Дзмітрый Палазкоў. Сябры прыехалі сюды на веласіпедах з вёскі Малое Мажэйкава, што на Лідчыне, каб падчас летніх канікул зарабіць грошай.
– Кожны дзень накручваем па 7 кіламетраў туды і назад, – гаворыць Дзмітрый Палазкоў. – Збіраем наготкі з раніцы і да абеду. У першы дзень набралі ўсяго па 2 кілаграмы кветак, а потым прынаравіліся – і справа пайшла. Я даўно мару купіць мапед, таму ведаю, куды накірую заробленыя сродкі.

 

 

– А я збіраю на аўтамабіль, – уключаецца ў гутарку Уладзімір Коўчык. – Мы ўжо зарабілі “першы рубель” падчас праходжання працоўнай практыкі ў школе. Цяпер вось прыехалі ў саўгас “Вялікае Мажэйкава”. Збіраць наготкі на першы погляд проста, але вельмі хутка пачынае балець спіна. Распушчаныя кветкі мы зрываем. Закрытыя бутоны пакідаем на наступны раз: праз дзень-два яны раскрыюць свае пялёсткі і заззяюць ярка аранжавым колерам.

 

Падтрымаць рабят у поле прыехала мама Уладзіміра Алена Аляксандраўна Коўчык.

 

– Хацела на асабістым прыкладзе даказаць ім, што калі старанна працаваць, то можна добра зарабіць на ўборцы наготак, – дзеліцца жанчына. – Радуе, што мой сын з сябрам Дзмітрыем настроены сур’ёзна і адступаць перад цяжкасцямі не збіраюцца. Сумесная праца збліжае і загартоўвае характар, ды і капейка лішняй не будзе.

 

А вось шчучынка Ганна Уладзіміраўна Семяновіч кожны год прыязджае ў саўгас “Вялікае Мажэйкава” і прымае ўдзел у палявых работах.

 

– Ужо займалася праполкай валяр’яны і пшаніцы, – гаворыць Ганна Уладзіміраўна. – Цяпер вось збіраю наготкі: набіраю да 20 кілаграмаў у дзень. Сабраныя кветкі складваю ў мяшок, які ў канцы працоўнай змены ўзважваецца на складзе.

 

Усяго ў гаспадарцы пад гэтую лекавую культуру адведзены 15 гектараў.

 

– Спачатку мы правялі тут хімпраполку, а потым яшчэ раз уручную прапалолі кветкі, – зазначае галоўны аграном саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Цяпер галоўнае сабраць лекавы ўраджай прыкладна за 10 дзён, пакуль наготкі не адцвілі. Пасля іх можна будзе выкарыстоўваць толькі на насенне. Сабраныя кветкі паступаюць на сушку, а затым фасуюцца для адпраўкі спажыўцам. Сёлета плануем сабраць каля 10 тон наготак, якія дробнымі партыямі рэалізуем па ўсёй Беларусі.

 

Паралельна ў гаспадарцы ідзе ўборка сардэчніку, які займае 25 гектараў. А ў кастрычніку прыйдзе чарга валяр’яны, якая запатрабавана фармакалагічнымі прадпрыемствамі рэспублікі.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!