Дзякуй, ветэран, за мірнае неба! | Дзяннiца

Дзякуй, ветэран, за мірнае неба!

Версия для печатиВерсия для печати

У дзень абаронцаў Айчыны і Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь актывісты БРСМ – навучэнцы Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя -- разам з першым сакратаром РК БРСМ А.С. Богдзель завіталі ў госці да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Піліпавіча Макарчыкава.  

Цёплыя словы-віншаванні, паштоўка і кветкі – знак удзячнасці маладога пакалення.  На парозе нас гасцінна сустрэла жонка ветэрана Ніна Адамаўна.У пакойчыку чакаў і сам Фёдар Піліпавіч. Адчувалася, што чалавек ён сціплы, не любіць хваліцца франтавымі падзвігамі. На пінжаку – заслужаныя ўзнагароды, у тым ліку і медаль “За ад­ва­гу”: у тыя далёкія гады ён быў кулямётчыкам. Нягледзячы на тое, што з пачатку Вялікай Айчыннай вайны прайшло 75 гадоў, яна і сёння болем адгукаецца ў сэрцы ветэрана. Не раз ён  узгадваў ваенныя эпізоды і прыйшоў да высновы, што яму, як і іншым, тады давалі сілы сапраўдная любоў да Радзімы і непахісная вера ў Перамогу. На жаль, гады бяруць сваё, здароўе падводзіць, але ветэран мужна трымаецца.

 -- Зноў чакаю вясну, -- кажа Фёдар Піліпавіч. – Здаецца, устану і пабягу… Планую яшчэ разам з усімі адзначыць 9 Мая – найсвяцейшую для мяне дату. Гэта -- стымул для жыцця!

Жонка ветэрана доўга ячшэ дзякавала моладзі за ўвагу і клопат.

-- Прыемна, што не забываеце нас, -- кажа Ніна Адамаўна. – Наведваюць юнакі і дзяўчаты кожнае свята, віншуюць, дапамагаюць ва ўсім. А мы ў сваю чаргу расказваем ім пра вайну і просім берагчы мір.

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.