Абаронцам Айчыны – павага і слава! | Дзяннiца

Абаронцам Айчыны – павага і слава!

Версия для печатиВерсия для печати

Сёння, у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у гарадскім скверы г. Шчучына ля помніка загінуўшым воінам адбыўся мітынг, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада, ветэраны Узброеных Сіл, а таксама моладзь.

-- У гэты дзень мы аддаём даніну павагі ўсім пакаленням беларускіх воінаў, якія не шкадуючы свайго жыцця абаранялі родную зямлю ад ворага і стаяць на ахове яе рубяжоў сёння, -- гаворыць камісар Шчучынскага раёна Аляксандр Генадзьевіч Гайдук. -- Асаблівыя словы падзякі выказваем паважаным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія падарылі нам Вялікую Перамогу, вызвалілі Еўропу ад нямецка-фашысцкага іга. Памятаем і пра подзвігі воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія з годнасцю выканалі свой святы абавязак. Клянёмся і надалей беражліва захоўваюць памяць аб героях і працягваць слаўныя ратныя традыцыі нашых продкаў.

Кранаючым сваёй шчырасцю было выступленне і педагога гімназіі г. Шчучына Т.М. Сярдзюк.

-- Мой бацька, як і мой муж – афіцэры, таму 23 лютага для мяне – сямейнае свята, -- зазначыла Таццяна Міхайлаўна. – У гэты дзень хочацца пажадаць усім абаронцам Айчыны моцнага здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту. Няхай вам ніколі не давядзецца браць у рукі зброю!

Удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра загінуўшых, а затым усклалі кветкі да помніка. Пад гімн Рэспублікі Беларусь прагучаў салют. Разыходзячыся, многія думалі аб адным: “Гэта шчасце – жыць пад мірным небам у незалежнай краіне”.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.