Духоўны скарб са "Скарбоначкі" | Дзяннiца

Духоўны скарб са "Скарбоначкі"

Версия для печатиВерсия для печати

Дэлегацыя Шчучынскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк прыняла ўдзел у цырымоніі адкрыцця Года культуры. Урачыстасць адбылася 19 лютага ў Гродне. У гэты ж дзень былі падведзены вынікі і Года моладзі. Дарэчы, высока ацэнена работа нашай раённай арганізацыі БРСМ і яе лідара Алены Богдзель, якая атрымала як асабістую ўзнагароду, так і прэстыжную статуэтку "Крыштальны масцярок" за выдатную арганізацыю працоўнай занятасці моладзі падчас летніх канікулаў.

Прыемна было сустрэць у абласным драматычным тэатры, дзе праходзіла свята, узорны калектыў "Скарбоначка" Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору. Прама ў фае юныя артысты ў прыгожых нацыянальных касцюмах паказвалі аўтэнтычныя побытавыя танцы. Ды захапілі сваім майстэрствам так, што і гродзенцы кідаліся ў скокі, з задавальненнем бралі экспрэс-урок у нашых рабят, спрабуючы так жа лёгка і грацыёзна закружыць у старадаўняй польцы-бабачцы, станчыць зухаватую "Лявоніху", пажартаваць у вясёлай харэаграфічнай кампазіцыі "Лысы".

 Гэта надзвычай важна, каб не кануў у лету самабытны народны танец, каб быў беражліва перадзены новым пакаленням. Дэмбраўская "Скарбоначка" якраз-такі і імкнецца захаваць вялікі духоўны скарб роднай старонкі.

На адкрыцці Года культуры ў Гродне дэманстравалі культурныя здабыткі кожны сваёй мясцовасці і іншыя самадзейныя артысты з рэгіёнаў прынёманскага краю. Працавала выстава майстроў народнай творчасці, уражваючы шырокай палітрай прадстаўленых работ.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.