Юны сябра пагранічнікаў – гэта гучыць горда | Дзяннiца

Юны сябра пагранічнікаў – гэта гучыць горда

Версия для печатиВерсия для печати

Напярэдадні Дня абаронца Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь старшакласнікі Навадворскай і Першамайскай сярэдніх школ атрымалі памятныя значкі “Юны сябра пагранічнікаў”

На святочную ўрачыстасць, якая праходзіла ў актавай зале Першамайскай СШ, сабраліся настаўнікі, шматлікія вучні і іх бацькі. У госці да школьнікаў завіталі і ваенаслужачыя пагранпастоў “Матылі” і “Бершты”.

-- Дзякуючы актыўнай дапамозе жыхароў прыгранічных вёсак у мінулым годзе мы спынілі незаконнае перамяшчэнне каштоўнасцей і тавараў на суму звыш 200 мільёнаў рублёў, -- гаворыць начальнік пагранпаста “Матылі” Аляксей Юр’евіч Руды. – Асаблівую ўвагу надаём патрыятычнаму выхаванню моладзі. Рэгулярна сустракаемся з вучнямі Першамайскай сярэдняй школы. Рабяты часта бываюць на нашым пагранпасту, дзе бліжэй знаёмяцца з бытам пагранічнікаў, праходзяць фізічную і тэарэтычную падрыхтоўку, вучацца абыходзіцца са зброяй. Атрыманыя веды будуць асабліва карыснымі для юнакоў, якім хутка прадстаіць служыць у арміі. Магчыма, хтосьці з іх у будучым стане прафесіянальным ваенным.

Да Аляксея Юр’евіча далучыўся начальнік пагранпаста “Бершты” Сяргей Мікалаевіч Тоўсцік. Афіцэры ўручылі 31 вучню пасведчанні і памятныя значкі “Юны сябра пагранічнікаў”.

Заслужаную ўзнагароду ў гэты дзень атрымаў і кіраўнік добраахвотнай дружыны Першамайскай СШ С.І. Вербаль, які робіць многае для патрыятычнага выхавання моладзі, прывівае рабятам любоў да Радзімы і загартоўвае іх фізічна. Пісьмо-падзяку раённага выканаўчага камітэта Станіславу Іванавічу ўручыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Уладзімір Раманавіч Дубок, які таксама прымаў удзел у мерапрыемстве.

Затым прайшоў святочны канцэрт, які падрыхтавалі вучні Першамайскай сярэдняй школы сумесна з вакальнай групай ваеннага аркестра Лідскага пагранічнага атрада. Удзячныя гледачы адорвалі артыстаў бурнымі апладысментамі.

-- Для мяне значок “Юны сябра пагранічнікаў”, атрыманы з рук сапраўдных афіцэраў, многае значыць, -- прызнаецца дзесяцікласнік Першамайскай СШ Віталій Рухлевіч. – Гэта высокі давер, які аказваюць нам ахоўнікі дзяржаўнай граніцы. І мы павінны апраўдаць яго і стаць дастойнымі абаронцамі Айчыны.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.