Паслухаць музыку Чэслава Немэна і ўспаміны … Андрэя Макарэвіча | Дзяннiца

Паслухаць музыку Чэслава Немэна і ўспаміны … Андрэя Макарэвіча

Версия для печатиВерсия для печати

Нібыта на машыне часу падарожнічалі наведвальнікі Стара-Васілішкаўскага клуба-музея.

16 лютага, у дзень нараджэння нашага славутага земляка -- польскага спевака і кампазітара Чэслава Немэна, на яго малую радзіму ў вёску Старыя Васілішкі прыехала цэлая дэлегацыя на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама С.Г. Касперчуком. Гасцей ля парога сціплага дамка Выджыцкіх, а цяпер клуба-музея, ужо чакалі мясцовыя жыхары і, канечне ж, Уладзімір Уладзіміравіч  Сянюта -- чалавек, які не проста па службовых абавязках, а па закліку сэрца працуе тут, захоўваючы памяць пра знакамітага земляка, што праславіў сваім талентам не толькі родную вёсачку, а ўвесь Прынёманскі край.

Жывыя кветкі да мемарыяльнай дошкі, прачулыя словы прызнання…

-- На шчучынскай зямлі помняць і любяць вялікага музыканта Чэслава Немэна, многае робяць для папулярызацыі яго творчасці, -- зазначыў у сваёй прамове С.Г. Каспярчук. -- Вясной на сядзібе клуба-музея пройдзе музычны фестываль, а ў верасні тут запланавана абласное свята музыкі Чэслава Немэна.

Сяргей Генадзьевіч падзяліўся і тым, як мяркуецца вырашаць набалелыя пытанні. Да прыкладу, з мэтай фінансавання рамонтных работ і ўдасканалення інфраструктуры клуба-музея робяцца захады на ўдзел у трансгранічным праекце з партнёрамі з польскага Аўгустова.

… Заходзім у дом, дзе прайшлі гады маленства і юнацтва Чэсіка Выджыцкага -- таленавітага вясковага хлопца, апантанага музыкай. Тут цёпла і ўтульна, з пласцінак гучыць голас музыканта, са здымкаў уважліва ўглядваюцца яго вочы. Вельмі крануў усіх фільм рэжысёра Валерыя Гаравога  па сцэнарыю Веры Савінай і Аляксандра Нілава "Гэты дзіўны свет", у якім задзейнічаны карэнныя жыхары Старых Васілішак, чые ўспаміны -- вялікая каштоўнасць.

Своеасаблівым сюрпрызам стаў і прагляд відэасюжэта, дзе вядомы расійскі музыкант Андрэй Макарэвіч распавядае аб сваіх сустрэчах і ўражаннях ад знаёмства з Чэславам Немэнам, які ў 1979 годзе даваў ашаламляльныя канцэрты ў Маскве. На відным месцы  і падпісаная Макарэвічам для Стара-Васілішкаўскага музея пласцінка "Машина времени. 10 лет спустя".

 -- Я раней не была знаёма з творчасцю Чэслава Немэна, і сёння проста адкрыла для сябе гэта імя,  -- прызнаецца Эльвіра Касарэвіч, навучэнка Гродзенскага каледжа мастацтваў, якая разам з сябрамі і педагогам Л.І. Старавойтавай прыехала ў дзень нараджэння спевака ў Старыя Васілішкі. -- Цікавы лёс, неардынарная творчасць… Адкрываецца асоба, вялікі маэстра.

Пазітыўныя эмоцыі, новыя веды, пачуццё адухоўленасці засталося і ў іншых наведвальнікаў клуба-музея Чэслава Немэна. Так бывае заўсёды, калі трапляеш у гэты незвычайны дом, дзе жывуць Музы і лунае душа музыканта, які пакарыў сваім талентам увесь свет, але ніколі пры гэтым не забываў пра свае вытокі і сваіх землякоў.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Алы БІБІКАВАЙ.