Раз-два і ў дамках! | Дзяннiца

Раз-два і ў дамках!

Версия для печатиВерсия для печати

На базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Шчучынскага ТЦСАН прайшоў традыцыйны  турнір па рускіх шашках

Яго ўдзельнікі – людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але жаданнем жыць цікава і актыўна.   

– Адметна, што ў гэтым годзе да нас завіталі выхаванцы Васілішкаўскага і Шчучынскага домоў-інтэрнатаў, – гаворыць загадчыца аддзялення А.К. Шостак.  – Для гэтых людзей такія мерапрыемствы – гэта цудоўная магчымасць не толькі адпачыць і праявіць сябе, але і сустрэцца з сябрамі і знаёмымі.

 У зале было мнагалюдна. Пасля жараб’ёўкі шашысты прыступілі да гульні. На працягу ўсіх паядынкаў адчувалася добразычлівая атмасфера. Прысутнічаў, канешне, і  здаровы спартыўны азарт.  Лідарамі спаборніцтваў на гэты раз сталі А.І. Каханоўскі, А.І. Паталета і П.А. Аніканаў, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. Павіншавала пераможцаў і ўручыла ім дыпломы і падарункі дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук. У той дзень без прызоў  не застаўся ніхто.

Лепшы ігрок – Андрэй Іванавіч Каханоўскі – прызнаўся, што ўсе сапернікі былі вельмі моцнымі, але ён прадбачыў іх хады. Можа таму, што з шашкамі сябруе вельмі даўно і з задавальненнем займаецца ў гуртку пад кіраўніцтвам В.М. Гардзеева.

Словы ўдзячнасці ад арганізатараў і ўдзельнікаў турніру за падтрымку і дапамогу ў правядзенні  мерапрыемства прагучалі ў адрас дырэктара раённага цэнтра культуры і народнага мастацтва С.П. Жвірбля, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.В. Гваздоўскага і суддзі перашага разраду В.М. Гардзеева.

– Шашачны турнір  для нас – маленькае свята, – пераканана  адна з удзельніц мерапрыемства Галіна Іосіфаўна Адаська. – Мы удзячны арганізатарам за гэту сустрэчу і за тое, што мы маем магчымасць наведваць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Дарэчы, з набыццём аўтобуса, гэта стала так проста.  Цяпер мы можам сустракацца  часцей, займацца ў гуртках любімай справай і дзяліцца адзін з другім сваімі дасягненямі. Паверце, не адзін інтэрнэт не заменіць нам такія душэўныя сяброўскія сустрэчы.

Прыемным завяршэннем свята сталі пачастункі за салодкім сталом для ўсіх удзельнікаў.

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.