У нашым раёне пад’ёму захворвання на грып і ВРВІ няма | Дзяннiца

У нашым раёне пад’ёму захворвання на грып і ВРВІ няма

Версия для печатиВерсия для печати

У гэтым запэўніла журналіста “Дзянніцы” ўрач-эпідэміёлаг Шчучынскага занальнага ЦГіЭ Святлана Іванаўна ВОЛЧАК.

 Супрацоўнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пастаянна вядуць маніторынг эпідсітуацыі па грыпе і прастудных захворваннях, паведаміла ўрач. Узровень захворвання – у межах звычайнага, нават крыху меншы, чым за такі ж перыяд летась. Паспрыяла тое, што звыш 40 працэнтаў насельніцтва вакцыянавана. 

-- Па медыцынскую дапамогу ва ўстановы аховы здароўя звяртаюцца штодзень ад 40 да 60 жыхароў раёна, -- паведаміла С.І. Волчак. -- Патрэбу ў шпіталізацыі маюць толькі адзінкі. Праблемы з забеспячэннем бальнічнымі ложкамі няма. У аптэчнай сетцы раёна дастаткова прэпаратаў -- айчынных і замежных -- для прафілактыкі і лячэння грыпу і вострых рэспіраторных вірусных інфекцый.

Людзям, якія паклапаціліся пра сваё здароўе зараней – зрабілі прышчэпкі ад грыпу, хвалявацца не варта. Астатнім раю ўзмацніць сваю асабістую прафілактыку. Не трэба пераахалоджвацца – апранайцеся цёпла, у адзенне з натуральных матэрыялаў. Паколькі вірус перадаецца ад аднаго чалавека другому, пазбягайце кантактаў з людзьмі хворымі ці з прыкметамі прастуды. Пры паездцы ў грамадскім транспарце прыкрывайце твар шалікам. Прагулка на свежым паветры пехатой – найлепшая альтэрнатыва яздзе ў перапоўненым аўтобусе. Захоўвайце кашлевы этыкет – чхайце ў локаць, а не ў далоні. Праветрывайце памяшканні, мыйце падлогу, прытрымлівайцеся збалансаванага харчавання і г. д.

Памятайце: ад кожнага з нас залежыць, каб захваральнасць грыпам і далей заставалася на нізкім узроўні.

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.