Героі дня – перадавікі працы | Дзяннiца

Героі дня – перадавікі працы

Версия для печатиВерсия для печати

Сёння ў Шчучыне адбыўся раённы злёт перадавікоў. Ва ўтульнай зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сабраліся пераможцы вытворчасці і лепшыя па прафесіі ў сацыяльна-культурнай сферы. Ганаровымі гасцямі злёту сталі дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, галоўны рэдактар раённай газеты “Дзянніца” Т.В. Ступакевіч, Ганаровыя грамадзяне горада Шчучына В.І. Казяк, Э.С. Дзікевіч, В.Л. Жоль.

Яшчэ да пачатку свята яго ўдзельнікі ў фае пазнаёміліся з выставай, на якой прадпрыемствы раёна прадставілі сваю прадукцыю, а мастакі і народныя майстры – свае творчыя работы. Працавала і кніжная выстава “Культурная палітра Беларусі”.

З цікавасцю паглядзелі ўдзельнікі злёту фільм пра дасягненні працаўнікоў  Шчучыншчыны. А потым прысутных у зале цёпла павітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі. Іван Юльянавіч спыніўся на ключавых момантах развіцця Шчучыншчыны ў 2015 годзе.

Яркі штрых у канву свята ўнеслі вучні другой гарадской школы і выхаванцы Шчучынскага ЦТДіМ, якія прыгожа і арыгінальна павіталі людзей працы. І вось настаў хвалюючы момант: агучаны вынікі раённага спаборніцтва сярод суб’ектаў гаспадарання, калектываў вытворчых падраздзяленняў,  працаўнікоў раёна, сельсаветаў за дасягненні высокіх паказчыкаў у працы і сацыяльна-культурным развіцці ў 2015 годзе. Пераходныя Ганаровыя сцягі старшыня райсавета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Г.Б. Хоміч уручылі кіраўнікам ДЛУ “Шчучынскі лясгас”,  СВУ “Пратасаўшчына” ПРУП “Гроднааблгаз”, філіяла “Шчучынская МПМК-167” ААТ “Гроднааблсельбуд”. Пераможцам сярод працоўных калектываў суб’ектаў гаспадарання абслугоўваючага сектара эканомікі стаў калектыў Шчучынскага раённага вузла электрасувязі, а сярод сельсаветаў лепшым стаў Мажэйкаўскі сельсавет. Сярод вытворчых падраздзяленняў  лідарамі сталі 11 калектываў. Яшчэ 23 прафесіяналы з розных сфер удастоены ганаровага звання “Лепшы па прафесіі”. Ушанавалі на злёце таксама і лепшых вясковых старастаў.

Вядучыя свята Наталля Собаль і Дзмітрый Паноў запрашалі на сцэну за ўзнагародамі ўсё новых і новых перадавікоў. А ў перапынках героям дня дарылі цудоўныя песні і танцы выхаванцы ЦТДіМ, салісты РДК і вядомыя ансамблі – “Сябрына” з Жалудоцкага ДК, “Світанак” з Васілішкаўскага ЦК, “Медуніцы” з РЦК і НТ. Свята атрымалася яркім і запамінальным.

Ала УЛАДЗІМІРАВА.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.