Апякунка | Дзяннiца

Апякунка

Версия для печатиВерсия для печати

Пазітыўны настрой і радасць нясе ў дамы сваіх падапечных сацыяльны работнік З.І. Цыбульская
– Зоенька,  пасля свят калі цябе чакаць? – пытаецца ў сваёй апякункі Таццяна Сяргееўна Осіпава.
– У аўторак буду, не сумуйце! – падбадзёрвае тая.
–  Даўгавата…  – уздыхае жанчына.
– Калі буду ў вашых краях, забягу абавязкова, – усміхаецца Зоя Іванаўна. – Вы ж ведаеце, міма не прайду.
Для 92-гадовай жыхаркі Шчучына, паважанай жанчыны, заслужанай работніцы тылу, якая ў “агнявыя саракавыя” суткамі не выходзіла з цэха абароннага завода, сустрэча  кожнага новага дня – маленькае дасягненне. А без Зоі Іванаўны дзень здаецца змрочным. Яна, нібы сонейка, асвятляе яго ўсмешкай, добрым словам, шчырым клопатам. Ужо дзесяць гадоў З.І. Цыбульская абслугоўвае жанчыну, дарэчы, менавіта столькі яна і працуе сацыяльным работнікам. Невыпадкова падапечная называе яе “мая Зоя”.

З нецярпеннем чакаюць Зою Іванаўну Цыбульскую і астатнія яе падапечныя, усяго яна абслугоўвае дзесяць чалавек. Тое, што Цыбульская адказная і працавітая, добрая і спагадлівая, а яшчэ мілая і абаяльная, пацвердзілі Ніна Адамаўна Макарчыкава, Соф’я Адольфаўна Дамінікевіч, Алена Кліменцьеўна Дзежыц і іншыя, у чые дамы гэтая жанчына прыходзіць па службовым абавязку, а заўсёды пакідае там часцінку сваёй душы.
– Сваю работу я люблю, – дзеліцца Зоя Іванаўна. – Стараюся выканаць не толькі тое, што належыць, але і ў просьбах ніколі нікому не адмаўляю. Калі не атрымліваецца сёння выканаць, я абавязкова зраблю гэта заўтра. Ведаеце, просьбы бываюць самыя розныя, у тым ліку і надзвычай патаемныя. Іншы раз бабулькі просяць запісачку ў царкву занесці. З радасцю гэта раблю.
Пажылыя людзі вельмі цэняць чулыя і ветлівыя адносіны, бездакорнае выкананне службовых абавязкаў. Прызнаюцца Зоі Іванаўне, што ім прыемна глядзець, як яна працуе, шчыра хваляць  за акуратнасць у рабоце, за тактоўнасць і дабрыню.  А яна ў адказ: “Гэта вы добрыя, а з вамі і я дабрэйшай станаўлюся!”
Зоя Іванаўна рана страціла сваіх бацькоў. Успамінае іх са светлым сумам і ўдзячнасцю. Можа, таму і да сваіх падапечных ставіцца з цеплынёй і пяшчотай, а ў іх вучыцца мудрасці і цярпенню. “Мне ў радасць рухацца, з людзьмі сустракацца, дапамагаць ім, – прызнаецца сацыяльны работнік. – Прыемна несці ў дамы пазітыўны настрой, добрыя навіны”. А гэта не так проста, як здаецца. За дзень Зоя Іванаўна наведвае пяць чалавек. Прыносіць ім прадукты, прыбірае, паспявае яшчэ лекі выпісаць, за кватэру заплаціць, бялізну з пральні забраць. Спіс абавязковых спраў можна прадоўжыць, а ёсць жа яшчэ тыя, што ідуць ад душы: перасаджаны вазончык, смачны пачастунак, шчырая гутарка.
Зоя Іванаўна з добрым настроем ідзе на работу і ў такім жа стане вяртаецца дамоў, дзе яе чакае муж Віктар Станіслававіч,  першы памочнік і надзейны спадарожнік па жыцці. Былы ваеннаслужачы цяпер загадвае гаспадарчай часткай у трэцяй гарадской школе. Жанчына дзякуе лёсу, што  іх дочкі атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі сабе дастойныя пары. У Цыбульскіх  дзве цудоўныя ўнучкі, якіх яны бязмерна любяць і праводзяць з імі кожныя выхадныя.
Добрасумленнага сацыяльнага работніка З.І. Цыбульскую цэняць і паважаюць у калектыве ТЦСАН. Другі раз яна названа лепшай сярод калег па выніках года. Зоя Іванаўна вельмі ўдзячна  загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Ірыне Іосіфаўне  Данілевіч і інспектару  Але Анатольеўне Гой, якія дапамагаюць аператыўна вырашаць любыя пытанні, даюць слушныя парады і падказкі.
… Хутка крочыць па вуліцы сімпатычная, мілавідная жанчына. З  Заводскай вуліцы яна ўзяла накірунак на вуліцу Леніна. Спяшаецца да дома з блакітнай верандай, дзе жывуць людзі, якім патрэбна яе дапамога.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.