І наватары, і мастакі | Дзяннiца

І наватары, і мастакі

Версия для печатиВерсия для печати

Электраплуг, апырсквальнік, макет вулічнага асвятлення, а яшчэ – шматлікія выцінанкі, аплікацыі, вырабы з саломкі... Усяго падчас выставы ў музеі Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя экспанавалася каля 90 творчых работ навучэнцаў.
Увагу журы і наведвальнікаў выставы прыцягнула да сябе акуратна вышытая крыжыкам карціна “Касачы ў вазе”. Якое ж было здзіўленне, калі мы даведаліся, што яе аўтарам з’яўляецца не дзяўчына-рукадзельніца, а першакурснік Ілья Байгот.
-- Я захапляюся вышыўкай яшчэ з пачатковай школы, -- дзеліцца Ілья. – “Касачы ў вазе” – пакуль мая самая маштабная карціна. Над яе стварэннем працаваў каля двух месяцаў. Усе неабходныя матэрыялы набыў у Шчучыне.
Вялікі інтарэс у наведвальнікаў музея выклікаў і электрафікаваны стэнд для дэманстрацыі работы магнітнага поля. Яго стваральнікі – трэцякурснікі Валерый Краўчук і Андрэй Місюк.
-- Арыгінальную ідэю нам “падкінуў” наш выкладчык Дзмітрый Іванавіч Яцэвіч, -- гаворыць Валерый. --  Спачатку падалося, што задуманае будзе немагчыма ажыццявіць. Аднак паступова мы знайшлі ўсе неабходныя дэталі і сабралі стэнд. Цяпер адным націсканнем кнопкі можна запусціць электрарухавік у спецыяльным празрыстым корпусе і на свае вочы ўбачыць, як паводзіць сябе металічны шарык унутры магнітнай катушкі.
На выставе дэманстравалася нямала і іншых цікавых і арыгінальных праектаў і экспанатаў. Сярод іх, напрыклад, кампактны трактар, які быў сабраны агульнымі намаганнямі ліцэістаў і выкладчыкаў.
-- Сёння я яшчэ раз пераканалася, наколькі таленавітая шчучынская моладзь, -- не хавае сваіх уражанняў загадчык аддзела абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Людміла Мікалаеўна Рэер. – Некаторыя наватарскія ідэі, якія прапанавалі рабяты, сапраўды могуць прынесці пэўны эканамічны эфект. Мы адабралі самыя перспектыўныя праекты для ўдзелу ў абласной выставе, якая пройдзе 16 лютага ў Гродне. Упэўнена, работы шчучынскіх ліцэістаў трапяць і на рэспубліканскую выставу ў Мінск.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.