Пераможная пяцёрка | Дзяннiца

Пераможная пяцёрка

Версия для печатиВерсия для печати

У рэдакцыі “Дзянніцы” ад­бы­ла­ся сустрэча з пераможцамі ра­ён­на­га конкурсу сачыненняў “За што я люблю сваю вёску”.
Вядома, што па почырку мож­на вызначыць характар ча­ла­ве­ка. Але хоць конкурсныя са­чы­нен­ні былі набраны на кла­ві­я­ту­ры камп’ютара і дасланы па элек­т­рон­цы, усё ж з напісанага паў­с­та­ваў і вобраз аўтара. Нап­рык­лад, Максім Васілевіч з Бер­ш­таў бачыўся мне сур’ёзным і раз­важ­лі­вым юнаком, падкупала яго тонкае ўспрыманне свету і ў той жа час лаканічнасць і трап­насць выкладання думак. Юлія Шос­так з Ражанкі падавалася ве­ль­мі адказнай, акуратнай, дыс­цып­лі­на­ва­най дзяўчынай, а Іло­на Саўко з Дэмбрава – шчырай і эма­цы­я­на­ль­най.


Калі я ўбачыла гэтых вучняў, а яшчэ Дзмітрыя Бялайца з Ка­мен­кі і Андрэя Кепеля з Ас­т­ры­ны ў рэдакцыі, зразумела, што ін­ту­і­цыя мяне не падвяла. Сціп­лы, выхаваны Дзмітрый хаваў хва­ля­ван­не і ўпэўнена адказваў на пытанні журналістаў, ён пер­шы са сваёй настаўніцай пры­е­хаў на сустрэчу. А самы ма­лод­шы канкурсант – сямікласнік Ан­д­рэй Кепель – спачатку з ці­ка­вас­цю вывучаў абстаноўку і зна­ё­міў­ся з таварышамі, так бы мо­віць, па пяры, а потым і сам ас­ме­ліў­ся на інтэрв’ю.
Арганізатары конкурсу, а гэта рэ­дак­цыя газеты “Дзянніца” і раённая ар­га­ні­за­цыя Беларускага саюза жан­чын, наладзілі сустрэчу з яго пе­ра­мож­ца­мі. Іх пяцёра, а паколькі шко­ль­ні­каў суправаджалі нас­таў­ні­кі, а каго і бацькі, атрымалася не­ма­лая дэлегацыя. З Максімам Ва­сі­ле­ві­чам прыехала яго мама Свят­ла­на Анатольеўна, а ў Ілоны Саўко ма­ма і настаўніца ў адной асобе. Пры­ем­на было пазнаёміцца з вык­лад­чы­цай роднай мовы і лі­та­ра­ту­ры Ражанкаўскай школы Клаўдзіяй Ба­ры­саў­най Сарока, якая ў свой час дала добрыя веды і  суп­ра­цоў­ні­цы нашай газеты Алёне Эль­я­шэ­віч. Рады мы былі сустрэцца і з Юлі­яй Рамуальдаўнай Скарынка – дас­той­най прадстаўніцай Ас­т­рын­с­кай школы, прозвішча якой не раз сус­т­ра­ка­ла­ся на старонках раёнкі, як, дарэчы, і яе вучняў. Безумоўна, вы­ні­кі конкурсу і сустрэча ў рэ­дак­цыі сталі нагодай для радасці ва ўсіх нашых гасцей.  
Удзельнікаў сустрэчы цёпла па­ві­та­ла галоўны рэдактар газеты, стар­шы­ня раённай арганізацыі Бе­ла­рус­ка­га саюза жанчын Таццяна Ва­лян­ці­наў­на Ступакевіч. Яна падзя­ка­ва­ла рабятам за ўдзел у кон­кур­се, а іх настаўнікам – за да­па­мо­гу вучням, за выхаванне ў іх  пат­ры­я­тыч­ных пачуццяў. Галоўны рэ­дак­тар “Дзянніцы” пазнаёміла шко­ль­ні­каў з гісторыяй выдання, якая бярэ пачатак з далёкага 1939 го­да. З цікавасцю гарталі юнакі і дзяў­ча­ты рарытэтную падшыўку га­зе­ты “Чырвоны сцяг” – па­пя­рэд­ні­цы “Савецкай вёскі” і “Дзянніцы”.
Засяроджана слухалі школьнікі па­э­та і пісьменніка Рычарда Ста­ніс­ла­ва­ві­ча Бялячыца, які працуе лі­та­ра­тур­на-стылістычным рэ­дак­та­рам. Як былы дырэктар школы ён з першых хвілін змог устанавіць з вучнямі кантакт,  зацікавіць раз­мо­вай, наладзіць шчыры дыялог. Ра­бя­ты расказалі пра свае за­хап­лен­ні і мары. Рычард Ста­ніс­ла­ва­віч падарыў юным аматарам лі­та­ра­тур­на­га слова зборнікі сваіх вер­шаў.
Пра асабісты шлях у жур­на­ліс­ты­ку расказалі маладыя суп­ра­цоў­ні­кі рэдакцыі Ганна Віленцэвіч і Аляк­сандр Каспярчук. Яны пра­па­на­ва­лі рабятам супрацоўнічаць з га­зе­тай, дасылаць свае допісы. Хто ведае, можа хтосьці адкрые ў ся­бе новыя здольнасці?
Хвалюючы і прыемны момант: га­лоў­ны рэдактар уручыла гра­ма­ты і памятныя падарункі пе­ра­мож­цам конкурсу. Гарачыя ап­ла­дыс­мен­ты, шчырыя віншаванні, шчас­лі­выя ўсмешкі. Сустрэча ат­ры­ма­ла­ся цёплай і душэўнай. Спадзя­ем­ся, што гэтае маленькае свята за­пом­ніц­ца школьнікам, стане ма­ты­ва­цы­яй да яшчэ больш ста­ран­най вучобы, а камусьці, магчыма, да­па­мо­жа ў выбары будучай пра­фе­сіі.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Аляксандра КАС­ПЕР­ЧУ­КА.


Творчасць юных:
І святая любоў, і сумленне, і боль…
(З цыкла конкурсных са­чы­нен­няў “За што я люблю сваю вёс­ку)
Як і кожнае падарожжа, маё мае свой пачатак. Турысты такі па­ча­так выбіраюць самі. А па­ко­ль­кі ў жыццё я ўваходзіла не ту­рыс­там, дык і пачатак жыццёвай сцеж­кі выбіраўся без майго ўдзе­лу. А то, чаго добрага, рап­там перадумала б і захацела на­радзіц­ца не ў Ражанцы, а дзе-не­будзь у іншым  месцы. Тым больш, што прыгожых мясцін на Бе­ла­ру­сі вельмі шмат. А для мя­не мая Ражанка – заўсёды самы ма­ляў­ні­чы і самы дарагі куток. Ку­ток гэты – тая хата, дзе я ву­чы­ла­ся бегаць, дзе адчула цеп­лы­ню матуліных рук і дабрыню сэр­ца.
Ражанка… Што яна сабой уяў­ляе, што ў ёй такога асаблівага? Ве­да­е­це, напісаць пра ўсё тое, што адчувае тваё сэрца, не так ужо і проста.

Вельмі прыгожыя мясціны вакол ма­ёй роднай вёскі. Неабдымны, на дзя­сят­кі кіламетраў дрымотны сас­но­вы бор, вузенькая, гаманлівая ра­чул­ка Тур’я, якая пятляе па лу­гах і палях, невялічкае возера, што ва­біць сваёй прахалодай у га­ра­чыя летнія дзянькі.
Люблю бываць у сасновым ба­ры, які пачынаецца адразу за до­мам маёй бабулі. Устаю рана, калі сон­ца яшчэ не ўзыходзіць, бягу па ха­лод­най расе, любуюся чыр­ва­нас­т­во­лы­мі соснамі з густа-зя­лё­ны­мі вяршынямі. І раптам стрэліў пер­шы промень сонца, асвяціў гэ­тыя вяршыні. Я нямею, за­ча­ра­ва­ная такім відовішчам: на кронах усі­мі колерамі вясёлкі загарэлася гус­тая раса. Гэты незабыўны воб­раз роднай прыроды западае мне ў памяць. Я і сёння ўяўляю яго ва ўсіх найдрабнейшых дэталях. І ўсё гэ­та перад вачыма на ўсё жыццё.
Мая Ражанка – гэта мая сям’я. “Шчаслівы той, хто шчаслівы ў ся­бе дома”, - сказаў вялікі рускі пі­сь­мен­нік Л.М.Талстой. Я з упэў­не­нас­цю магу сябе назваць шчаслівым ча­ла­ве­кам, таму што ў нас вялікая ся­м­’я: мама, тата і пяцёра дзяцей. Мы шчаслівыя, бо апора нашай ся­м­’і – любоў і ўзаемаразуменне. Для мя­не сям’я – гэта месца, куды я бу­ду з нецярпеннем вяртацца, дзе заў­сё­ды будзе жыць маё сэрца.
 Ражанка – гэта мая школа. Для мя­не яна – не проста месца ву­чо­бы, а другі дом, утульны і прыгожы. Пры­ход­жу сюды з вялікім за­да­ва­ль­нен­нем і жаданнем вучыцца, аку­на­ю­ся ў атмасферу доб­ра­зыч­лі­вас­ці, гармоніі і прыгажосці, за­хап­ля­ю­ся цудоўнымі кветнікамі, якія з ран­няй вясны да позняй восені пе­ра­лі­ва­юц­ца рознымі колерамі.
Мая Ражанка – гэта слаўная гіс­то­рыя невялікага куточка бе­ла­рус­кай зямлі. А нам, маладым, вельмі важ­на ведаць мінулае свайго краю. Яно дазваляе лепш зразумець су­час­нае жыццё і зазірнуць у бу­ду­чае.
Здаецца, што тут кожны камень уп­ры­го­жа­ны мудрай сівізной, кож­нае дрэва гаворыць пра мінулае.
Захапляюся легендай пра па­ход­жан­не назвы вёскі, якая расказвае пра неверагодную колькасць ру­жаў, якія прывёз і высадзіў у сваім ма­ён­т­ку памешчык Пац.  Вось што пі­саў у 1652 годзе пра вёску адзін з кра­каў­с­кіх візіцёраў: “Край тут ба­га­ты ўсім, што неабходна для жыц­ця”.
Ганаруся сваімі землякамі, якія бы­лі ўдзельнікамі вайны з На­па­ле­о­нам. Пра гэтыя падзеі сведчыць пом­нік рускім салдатам, які пас­таў­ле­ны ў вёсцы побач са школай.
Ганаруся подзвігамі сваіх зем­ля­коў у гады Вялікай Айчыннай вай­ны. Перад імі мы схіляем галовы ў час святкавання Дня Перамогі, ім ня­сём мы ўдзячнасць і памяць сваю, ускладаючы кветкі да абе­ліс­ка.
Ганаруся слаўнай працай сваіх ад­на­ся­ль­чан, якія ўдастоены вы­со­кіх урадавых узнагарод.  Я.Б. Ва­ро­нік,  В.К. Бібікаў, І.Я. Данцавіч, Т.А. Гед­рэ­віч  узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, С.І. Макей, Т.І. Са­ро­ка, С.Ф. Сыч  – ордэнам Пра­цоў­най Славы 3-й ступені.
 Ганаруся тым, што нарадзілася тут. Люблю свае мясціны за іх са­ма­быт­насць, культуру, цудоўную пры­ро­ду, мяккасць фарбаў. Па­ва­жаю за тое, што магу жыць без стра­ху за сваё жыццё, жыццё маіх род­ных, сяброў і знаёмых. Вы ду­ма­е­це, гэта дробязь?  Я так не лі­чу. Дома родным здаецца ўсё: ву­лі­ца, дзе з дзяцінства бываеш час­цей, чым ў хаце, поле, па якім лю­бі­ла бегаць, рачулка, дзе летам так пры­ем­на купацца. Свая старонка, як зорка, што паказвае шлях, як ма­як, які вядзе ноччу караблі ў мо­ры. Гэта як святло, на якое мы зля­та­ем­ся матылькамі.
Мая  Ражанка – невялікая пяс­чын­ка ў акіяне  сусвету. Гэта той са­мы патаемны куток людской ду­шы, у які не дадзена зазірнуць ні­ко­му, акрамя самога чалавека. Гэта і свя­тая любоў, і боль, і сумленне, гэ­та і само жыццё.
Хай вакол бурліць новае ста­год­дзе, хай цывілізацыя ідзе наперад ся­мі­мі­ль­ны­мі крокамі, а ў Ражанцы пры­ро­да застаецца натуральнай, людзі – прыветлівымі, каштоўнасці – вечнымі.
Мая Ражанка, сэрцу дарагі куток! Я люблю цябе, бо належу табе, а  ты належыш мне…
Юлія ШОСТАК,
вучаніца Ражанкаўскай СШ.