Маленькае свята ў рэдакцыі | Дзяннiца

Маленькае свята ў рэдакцыі

Версия для печатиВерсия для печати

Сёння мы віталі гасцей – пераможцаў раённага конкурсу сачыненняў “За што я люблю сваю вёску”, арганізаванага рэдакцыяй раённай газеты “Дзянніца” і раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын. Прыемна было пазнаёміцца з вучнямі, якія шчыра і пранікнёна расказалі пра свой родны куточак, паведалі яго гісторыю, прызналіся яму ў любві.

Пераможцаў пяцёра, каго суправаджалі настаўнікі, каго бацькі, так што атрымалася немалая дэлегацыя. Гасцей цёпла павітала галоўны рэдактар газеты Т.В. Ступакевіч, падзякавала школьнікам за ўдзел у конкурсе. Вучні расказалі пра свае захапленні і мары. Потым Таццяна Валянцінаўна Ступакевіч пазнаёміла рабят з гісторыяй раёнкі. З цікавасцю гарталі яны падшыўку газеты “Чырвоны сцяг” – папярэдніцы “Савецкай вёскі” і “Дзянніцы”.

Засяроджана слухалі школьнікі  паэта Р.С. Бялячыца, які працуе літаратурна-стылістычным рэдактарам. Рычард Станіслававіч падарыў юным аматарам літаратурнага слова зборнікі сваіх вершаў. Пра свой шлях у журналістыку расказалі маладыя супрацоўнікі газеты Ганна Віленцэвіч і Аляксандр Каспярчук.

І вось хвалюючы момант: галоўны рэдактар уручыла граматы і памятныя падарункі Максіму Васілевічу з Берштаў, Ілоне Саўко з Дэмбрава, Юліі Шостак з Ражанкі, Дзмітрыю Бялайцу з Каменкі, Андрэю Кепелю з Астрыны. Потым размова прадоўжылася за кубачкам гарбаты.

 Сустрэча атрымалася цёплай і душэўнай, спадзяемся, што запомніцца школьнікам, а камусці, магчыма, дапаможа ў выбары будучай прафесіі.

Ала УЛАДЗІМІРАВА.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.