Каб не спазніцца вясной, рыхтуй тэхніку зімой | Дзяннiца

Каб не спазніцца вясной, рыхтуй тэхніку зімой

Версия для печатиВерсия для печати

Камусьці можа падацца, што з надыходам зімы жыццё ў гаспадарках раёна замірае. Але гэта не так. На мехдвары саўгаса “Вялікае Мажэйкава” нават у гэтыя марозныя дні не спыняюцца рамонтныя работы. Тут ужо сёння думаюць пра будучую сяўбу, актыўна рыхтуюць тэхніку да выхаду ў поле.


– У гаспадарцы налічваецца 41 трактар і 10 зернеўборачных камбайнаў, – гаворыць загадчык мехмайстэрні Андрэй Іосіфавіч Шанчук. – І ўвесь гэты арсенал неабходна прывесці ў баявую гатоўнасць да пачатку палявых работ. Таму мы пачалі рамонтныя работы загадзя.
Сапраўды, у мехмайстэрні кіпіць работа. Вадзіцель Андрэй Эдуардавіч Баразевіч “перабірае” рухавік свайго МАЗа. Побач электрагазазваршчык Сяргей Генадзьевіч Трусіла “падлатвае” коўш “Амкадора”. Сваёй чаргі чакае культыватар, якому рамонтнікі хутка заменяць зношаныя стойкі і зубцы.
– Калі тэхніку як след даглядаць, то яна праслужыць доўга і не падвядзе ў адказны момант, – перакананы Андрэй Іосіфавіч. – Да прыкладу, нашым культыватарам ужо звыш дзесяці гадоў, аднак пасля якаснага рамонту яны выходзяць у поле і бездакорна працуюць. Часам здараюцца дробныя паломкі, але яны, як правіла, выпраўляюцца аператыўна. Летась падчас жніва наогул не было прастояў. Пасля ўборачнай кампаніі мы акуратна пачысцілі ўсю тэхніку, правялі дыягностыку. Выяўленыя недахопы ўзялі на кантроль і заказалі неабходныя запчасткі. Цяпер вось замяняем зношаныя вузлы.
Усяго ў мехмайстэрні працуюць сем чалавек. Усе яны прадстаўнікі розных пакаленняў, аднак іх аб’ядноўвае любоў да тэхнікі і роднай гаспадаркі.
– У Вялікім Мажэйкаве я вырас, тут жывуць мае бацькі, – дзеліцца малады спецыяліст Сяргей Калганаў. – Пасля заканчэння Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся электрагазазваршчыкам у родны саўгас. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся! Пад шэфствам больш вопытных калег дзякуючы пастаяннай практыцы многаму навучыўся. Цяпер з тэхнікай на “ты”.
Усяго чатыры месяцы працуе ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава” электрагазазваршчык С.Г. Трусіла. Сюды ён перавёўся з МПМК-167.
– Даведаўся, што ў гаспадарцы патрабуюцца спецыялісты майго профілю, ды яшчэ тут і жыллё паабяцалі выдзеліць, вось і змяніў месца працы, – прызнаецца Сяргей Генадзьевіч. – Нядаўна мы з жонкай і нашым маленькім сынам Сашам засяліліся ў новую трохпакаёвую кватэру. Заработная плата задавальняе, таму плануем пусціць тут карані.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.