Спелыя травы даюць якасныя кармы

 

З раніцы і да позняга вечара на палетках ААТ “Васілішкі” не сціхае гул рухавікоў: аграрыі выкарыстоўваюць кожную пагодлівую хвіліну, каб аператыўна правесці першы ўкос траў і нарыхтаваць  максімальную колькасць кармоў. Штодзень у полі працуюць 11 касілак, у тым ліку 3 новыя, набытыя акурат перад пачаткам касавіцы.

 

Сярод тых, каму даверылі абкатаць новыя прычапныя агрэгаты, – вопытны механізатар Сяргей Сяргеевіч Чарняк. Калі мы ўбачылі яго за работай, то здзівіліся, што яго трактар МТЗ-3022 рухаўся заднім ходам, выставіўшы перад сабой 9-метровую касілку “Палессе”.

 

 

-- У кабіне руль, педалі і сядзенне пры неабходнасці паварочваюцца задам наперад для зручнасці, -- тлумачыць Сяргей Сяргеевіч Чарняк. – Новая касілка выдатна зарэкамендавала сябе: пры дапамозе яе абкошваю да 60 гектараў у дзень. Вышыня зрэзу складае 7 сантыметраў, як таго патрабуюць тэхналогіі. Гэты параметр я настроіў сам пры дапамозе спецыяльных вінтоў.

 

 

Прыкладна праз дзве гадзіны свежаскошаную траву ўспушваюць пры дапамозе варушылак, а калі вільготнасць зялёнай массы зніжаецца да 50-55% -- збіраюць яе ў валкі і скручваюць у цюкі, або адвозяць да сянажных траншэй. Іх у ААТ “Васілішкі” налічваецца 72 агульным аб’ёмам 160000  тон.

 

Работа ў полі працягваецца ўвесь светлавы дзень. Усіх занятых на касавіцы гаспадарка забяспечвае гарачым харчаваннем. Прычым работнікі могуць па жаданні атрымліваць не толькі абеды, але і падвячоркі.

 

-- У сельгаспрадпрыемстве налічваецца 18000 галоў буйной рагатай жывёлы і 67000 свіней, -- зазначае галоўны аграном ААТ Васілішкі” Дзяніс Іванавіч Комар. – Каб пракарміць такі вялікі статак, нам неабходна нарыхтаваць 2500 сена, 67000 тон сенажу і 76000 сіласу. Плануем выканаць гэты план за тры ўкосы. Па даных на 7 чэрвеня ўжо заклалі 9013 тон сенажу. Калі надвор’е будзе спрыяць, закончым першы ўкос 23 чэрвеня.

 

Паралельна з касавіцай васілішкаўскія аграрыі актыўна перазалужаюць палеткі і падсяваюць шматгадовыя травы. Значыць, будуць з кармамі!

 

Па даных на 7 чэрвеня ў гаспадарках Шчучыншчыны абкошана 8158 гектараў і нарыхтавана 47229 тон сенажу, што складае 19% да плана. Найбольш высокімі тэмпамі касавіца праходзіць у філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”, ААТ “Васілішкі” і ААТ “Дэмбрава”.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!