“Эма” паклікала на суботнік | Дзяннiца

“Эма” паклікала на суботнік

Версия для печатиВерсия для печати

У гэтыя багатыя на снегапады дні работнікі РУП ЖКГ дружна выйшлі на суботнік, каб даць дастойны адпор непагадзі і прывесці родны Шчучын у парадак.

 

-- Ачысткай гарадскіх вуліц ад снегу займаюцца рабочыя ўчастка добраўпарадкавання, а гэта ні многа ні мала 40 дворнікаў, -- зазначае спецыяліст па інфармацыйнай і ідэалагічнай рабоце РУП ЖКГ Алена Баляславаўна Ступакевіч. – На ліквідацыю снежных заносаў таксама накіравана восем адзінак спецыялізаванай тэхнікі: два “Амкадоры”, два аўтагрэйдэры, чатыры трактары з адваламі і шчоткамі і магутны МАЗ. Аднак ва ўмовах моцнага цыклону “Эма” гэтага аказалася недастаткова, таму мы вырашылі арганізаваць суботнік. Дарэчы, у ім прынялі ўдзел звыш трыццаці нашых работнікаў.

Асноўныя намаганні ўдзельнікі суботніка засяродзілі на ўборцы цэнтральнай часткі горада: пачысцілі дарогі і тратуары, пешаходныя пераходы і аўтобусныя прыпынкі, навялі парадак на плошчы і ў гарадскім скверы. Прайшліся з шуфлямі і па вуліцах Астроўскага, Пушкіна, Камсамольскай, Заводскай, Паўднёва-Заходняй і іншых, дзе дапамаглі жыхарам расчысціць снежныя гурбы. Хацелася б, каб і самі гараджане актыўна падключыліся да ўборкі двароў і аўтастаянак. Разам нам пад сілу стрымаць стыхію.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.