З увагай да кожнага | Дзяннiца

З увагай да кожнага

Версия для печатиВерсия для печати

Сёння прыём грамадзян у Шчучынскім райвыканкаме правёў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны А.В. Лабовіч. На прыёме прысутнічаў і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама А.К. Зімнавода.

На прыём запісаліся пяць чалавек. У кожнага з наведвальнікаў былі свае пытанні да намесніка міністра, але ўсе закраналі  праблемы, якія цяпер найбольш хвалююць  грамадзян: пенсійнае забеспячэнне, працоўная занятасць, сацыяльная абарона найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва. Андрэй Валянцінавіч уважліва выслухаў кожнага, унікаючы у сутнасць просьбаў і прапаноў. У пэўных сітуацыях дапамагалі разабрацца намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі і кіраўнікі некаторых службаў раёна.

Пра сваё цяжкае фінансавае становішча расказала жыхарка аграгарадка Ражанка. Жанчына ў былым работнік культуры, атрымлівае невялікую пенсію, а вакансій па яе спецыяльнасці ў аграгарадку няма. Жанчыне ўжо аказвалі фінансавую дапамогу. Наведвальніцы растлумачылі пра парадак выдзялення дзяржаўнай адраснай дапамогі і запэўнілі, што калі будуць пэўныя падставы для аказання дапамогі, гэта будзе зроблена.

Па пенсійных пытаннях прыйшлі на прыём да А.В. Лабовіча жыхар в. Вярбілкі і былы завадчанін са Шчучына. Яны атрымалі кампетэнтныя тлумачэнні.

Старшыня раённага савета ветэранаў Э.С. Дзікевіч прыйшоў да першага намесніка міністра, каб ад імя ветэранаў раёна і былых вязняў канцлагераў выказаць падзяку Ураду і Міністэрству працы і сацыяльнай абароны за ўвагу і клопат аб людзях, якія прайшлі суровымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны. А ветэран педагагічнай працы Л.І. Кічко са Шчучына расказала аб тым, як цікава і змястоўна бавяць час пажылыя людзі ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. На яе думку, такія фарміраванні вельмі карысныя і павінны існаваць. Андрэй Валянцінавіч Лабовіч пагадзіўся і запэўніў, што і надалей наша дзяржава будзе праводзіць сацыяльна накіраваную палітыку.

Ала УЛАДЗІМІРАВА.

Фота аўтара.