Гэты цёплы Дом зімоўкі | Дзяннiца

Гэты цёплы Дом зімоўкі

Версия для печатиВерсия для печати

 Сёння адзначаецца Дзень ра­бот­ні­каў сацыяльнай абароны  

На канцы вёскі, дзе засталася па­ра-тройка жылых хацін,  выдзя­ляў­ся дыхтоўны домік з даг­лед­жа­ным падворкам. Ён глядзеў­ся, як яркая квет­ка ў цём­ным зарасніку. Гэта і быў Дом зі­моў­кі.
– Адразу відаць, што тут жыве вы­дат­ная гаспадыня! – кан­с­та­та­ва­ла Святлана Уладзі­мі­раў­на Шан­чук, з якой мы і завіталі ў Новую Пад­ра­жан­ку да Ядвігі Фе­лік­саў­ны Будзі­ло­віч. 
Як дырэктар тэрытарыяльнага цэн­т­ра сацыяльнага аб­с­лу­гоў­ван­ня насельніцтва Свят­ла­на Уладзі­мі­раў­на вырашыла паказаць Дом зі­моў­кі і пазнаёміць мяне з жан­чы­най,  што ўзяла да сябе на зіму па­жы­ло­га хворага чалавека і шчыра кла­по­ціц­ца аб ім.

Гэ­та адна з форм ра­бо­ты па доглядзе пажылых людзей, якую ўкараніў і заахвочвае ТЦСАН. Бываюць сітуацыі, калі з-за хваробы чалавек не можа жыць адзін, ён не ў ста­не сам сябе аб­с­лу­гоў­ваць, а дзеці далёка ці з-за ней­кіх абставін не могуць узяць да ся­бе старога хворага чалавека. Як тут быць? Застаецца толькі спадзя­вац­ца на доб­рых людзей, та­кіх, як Ядвіга Феліксаўна.
Яшчэ па дарозе Святлана Уладзі­мі­раў­на расказала, што лёс ні­бы выпрабоўваў гэ­тую вясковую жан­чы­ну на трываласць, яна сто­ль­кіх родных людзей пахавала, але не ачарсцвела сэрцам і душой, да людзей прыветная, спагадлівая, заў­сё­ды гатовая да­па­маг­чы. “Яна прос­та непапраўны аптыміст!” – заз­на­чы­ла С.У. Шанчук.
У двары нязлосным  брэхам  нас сус­т­рэў невялікі рыжы сабачка. Тут у дзвярах і гас­па­ды­ня паказалася, сім­па­тыч­ная маладжавая жанчына: “Сціхні, Апельсінка, свае!”. Ядвіга Фе­лік­саў­на запрасіла нас у дом.
– Трэба ж, Апельсінка, як трапна і пяшчотна назвалі Вы сваю вар­таў­ні­цу, – звяр­та­ю­ся да гаспадыні.
– Прыбілася бедачына, я на­кар­мі­ла, яна і засталася. Цяпер ад до­ма ні на крок, – з добрай усмешкай рас­каз­вае жанчына. – І коцікі за­віт­ва­юць на падворак, усіх пад­кор­м­лі­ваю, шкадую.
У святліцы ўтульна, шмат ва­зо­наў, асабліва добра сябе пачувае вя­ліз­ны фікус з шы­ро­кі­мі лістамі, ра­ней такія амаль  у кожным доме бы­лі, а цяпер рэдка ўбачыш. У крэс­ле ля печы ўладкаваўся пажылы муж­чы­на з добрымі жывымі ва­чы­ма. 
– Мар’ян Антонавіч усё бліжэй да печы месціцца, мерзне, пасля ін­су­ль­ту за­ня­мог – ногі баляць, ледзь рухаецца, добра, што га­во­рыць. Мы з ім гутарым, жартуем, ус­па­мі­на­ем маладосць, кожны сваю… Антонавіч родам з Лапатоў, му­жа майго сва­як, і прозвішча ў нас адно. Жыў ён у свой час ажно ў Омску, вадзіцелем працаваў. По­тым вярнуўся на радзіму, адна яго дач­ка з сям’ёй там, у Расіі зас­та­ла­ся, другая ў Мас­тах жыве. Жонку два­нац­цаць год таму пахаваў. Як жа яму не дапамагчы? І мне ве­ся­лей. Карацей кажучы, сумаваць нам няма калі!
Гаспадыня ўключыла самавар, ня­хай сабе і электрычны, але гэта бы­ло так пры­ем­на і нечакана, за­ва­ры­ла гарбату на травах, пас­та­ві­ла на стол сподачак з мёдам.
– Во, дык Вы – пчаляр?! – здзіў­ля­ю­ся.
– А як жа! – усміхаецца гас­па­ды­ня. – Пчолы мяне любяць. Калі муж жывы быў – многа вулляў тры­ма­лі. Цяпер два-тры, але ўсё ж ёсць свой мядок. Я і траўкі вы­рош­ч­ваю – мелісу, мяту, шалфей, ін­шыя. Збіраю, сушу, затое гарбатка якая дух­мя­ная, адчуваеце?
Сапраўды, гарбатка цудоўная. А як яе прыемна піць “упрыкуску” з ці­ка­вы­мі ўспа­мі­на­мі гасціннай гас­па­ды­ні. Узгадала Ядвіга Фе­лік­саў­на, як працавала на дос­лед­най стан­цыі, дапамагала навукоўцам вы­рош­ч­ваць элітны ячмень. Ня­лёг­ка было, усё ўручную рабілі, але пра­ца­ва­лі сумленна.  І свая гас­па­дар­ка ў Будзіловічаў вя­лі­кая была – па дзве каровы трымалі, свіней, птуш­ку.
– Я хоць і пенсіянерка са ста­жам,  але не люблю сядзець без ра­бо­ты, – га­во­рыць жанчына. – Бу­ль­бы многа саджу, сад даглядаю, пчол, курачак, гусей. Летам ру­ху шмат, ды і цяпер хапае: пакуль печ­кі напалю, есці згатую, Ан­то­на­ві­ча накармлю і сва­іх жывёлінак, у ха­це папарадкую – і дзень прой­дзе. Аўталаўка на другі канец вёс­кі пры­яз­д­жае, іншы раз няма калі ча­каць, дык я ў Шчучын еду па пра­дук­ты на рэй­са­вым аўтобусе і на­зад стараюся на ім жа вярнуцца. Так што хуценька ўпраўляюся.
Ядвіга Феліксаўна – выдатная май­с­т­ры­ха. На ложках – посцілкі ўлас­на­га вы­ра­бу. Ткаць, вы­шы­ваць, вязаць вучылася ў сваёй ма­ту­лі. Вырабы Фе­лік­саў­ны за­хоў­ва­юц­ца нават у адным з гродзенскіх му­зе­яў.
Пра ўсіх гэтая жанчына рас­каз­вае з цеплынёй – і пра паш­та­ль­ён­ку Ірыну Ал­ба­та­ву, вясёлую і аба­я­ль­ную, якая навіны раскажа, пад­піс­ку аформіць, усе просьбы вы­ка­нае. І пра мілых суседачак “злева” і “справа”, якія зімой штодзень тэ­ле­фа­ну­юць, пытаюцца пра здароўе. І пра любімых дачушку і ўнука, што жы­вуць у Шчу­чы­не і часта на­вед­ва­юц­ца да яе, клапоцяцца, да­па­ма­га­юць.
У гэтай простай вясковай жан­чы­ны варта павучыцца жыц­ця­люб­с­т­ву, мудрасці і стойкасці.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.