Дабро з пахам ёлкі | Дзяннiца

Дабро з пахам ёлкі

Версия для печатиВерсия для печати

Калі ў Жалудоцкай гар­ба­ль­ні­цы ўстанавілі ёлку, нехта з хво­рых па­жар­та­ваў: “Зялёная пры­га­жу­ня ёсць, а дзе ж Дзед Мароз і Снягурачка?” Навагоднія пер­са­на­жы, між іншым, не пры­му­сі­лі сябе чакаць. Ва ўсіх карпусах ба­ль­ні­цы Дзед Мароз і Сня­гу­рач­ка не мелі магчымасці па­бы­ваць, а вось аддзяленне сяс­т­рын­с­ка­га догляду ўвагай не абыш­лі, прычым завіталі ў кож­ную палату.
Не перадаць, як здзівіліся і аб­ра­да­ва­лі­ся пажылыя  людзі, калі ўба­чы­лі зімовых гас­цей. Дед Мароз він­ша­ваў іх з Новым годам, не шка­да­ваў добрых пажаданняў (у воб­раз удала ўжыўся вадзіцель ТЦСАН У.П. Карпук), а яго ўнучка шчод­ра раз­да­ва­ла салодкія па­да­рун­кі (з роляй Снягуркі цудоўна спра­ві­ла­ся дырэктар цэнтра С.У. Шан­чук).  

– У гэтыя дні ўсім хочацца ад­чуць свята. Не выключэнне і тыя, хто па волі лёсу стаў насельнікам гэ­та­га аддзялення, – гаворыць Свят­ла­на Уладзіміраўна. – Вось мы і пры­е­ха­лі з прыемнай місіяй: каб узняць настрой і падарыць ра­дасць людзям, у якіх узрост ці няш­час­ны выпадак забралі здароўе і сі­лы, ад адзіноцтва стамілася ду­ша. Хо­чац­ца падзякаваць шчу­чын­цам і жыхарам раёна, якія прынялі ак­тыў­ны ўдзел у даб­ра­чын­най ак­цыі “Твары дабро!”, што праводзілі на­шы валанцёры  ва ўніверсаме “Цэнтральны” г.Шчучына. Менавіта з іх дапамогай сабраны слодычы, якія мы  пры­вез­лі ў бальніцу. Ад­дзя­лен­не сястрынскага догляду раз­лі­ча­на на 25 пацыентаў,  сён­ня тут знаходзяцца 23 чалавекі, кож­на­му мы ўручылі падарунак. А вось у палату №2  па просьбе жыхарак Шчу­чы­на перадалі дадатковы са­лод­кі пакунак, напэўна, там зна­ходзяц­ца іх знаёмыя. Прыемна, што людзі ў нас такія чулыя, га­то­выя падставіць плячо дапамогі ін­шым.
Дзед Мароз і Снягурка падчас гэ­та­га візіту пачулі столькі цёплых, удзяч­ных слоў, што сапраўдныя пер­са­на­жы проста расталі б. Шчы­ра дзякавала гасцям за ўвагу і кло­пат адзінокая бабуля Генавэфа Ста­ніс­ла­ваў­на Слапік. Пакінула яна родныя Ста­да­ля­ны сем гадоў та­му. 
– Тут добра, сястрычкі спа­гад­лі­выя,  пагутарыць ёсць з кім, чыс­це­нь­ка, як у сва­ёй хатцы, – дзеліцца ба­бу­ля.
Пелагею Баляславаўну Бурдзей з вёскі Забалаць таксама крануў ві­зіт гасцей аж­но да слёз. 
– У аддзяленні я ўжо ў другі раз зі­мую, – прызнаецца Ба­ляс­ла­ваў­на. –  Гэтым ле­там дома час ба­ві­ла, а наступным наўрад ці сіл хо­піць, напэўна, тут застануся. Дзя­куй Богу, што такая бальніца ёсць, а то дзе б я была, старая ды адзі­но­кая…
Аляксандра Бенядзіктаўна Ва­сі­ль­чык з в. Трахімчыкі даўно па­ха­ва­ла сваіх род­ных. Калі верыць да­ку­мен­там, яна з 1915 года, на яе жыц­цё­вым календары пачаў ад­лік 101 год. Якраз да бабулі прыехаў пля­мен­нік Уладзімір са Шчучына, так што ста­рэ­нь­кая была ў настроі.
Пасля наведвання мужчынскай па­ла­ты мне, як і той бабулі з За­ба­ла­ці, не да­ва­ла спакою пытанне: што б з імі стала, каб не клопат дзяр­жа­вы? Дзе, у якіх умовах да­жы­ва­лі б свой век, каб не апы­ну­лі­ся пад дахам гэтай медустановы, дзе ім га­ран­та­ва­на ежа, ложак, ме­ды­цын­с­кая дапамога, спагадлівае сло­ва медсястрычкі. Тут знай­шоў пры­ту­лак пажылы адзінокі жыхар в. Зе­ню­кі. З-за хваробы ў яго аднялі на­гу. Яго сусед па палаце з в. Ля­бёд­ка ледзь уратаваўся падчас па­жа­ру, агонь паш­кодзіў твар, зрабіў нядзе­йснай правую руку. Яшчэ ў ад­на­го мужчыны няма кісцяў на абедз­вюх руках. У кожнага свая сум­ная гісторыя жыцця. Але яны не страцілі ап­ты­міз­му, пад­т­рым­лі­ва­юць адзін аднаго і маральна, і фі­зіч­на. Вельмі кранула, што нам, суп­ра­цоў­ні­кам газеты, і казачным гас­цям мужчыны  шчыра жадалі ўся­го най­леп­ша­га ў новым годзе.
Дзед Мароз і Снягурка з ТЦСАН на­ве­да­лі яшчэ па­да­печ­ных ад­дзя­лен­ня кругласутачнага зна­ход­жан­ня для грамадзян пажылога ўзрос­ту і ін­ва­лі­даў у Астрыне, а таксама па­цы­ен­таў аддзялення сяс­т­рын­с­ка­га догляду Васілішкаўскай учас­т­ко­вай бальніцы. Яны шчыра па­він­ша­ва­лі пажылых людзей і ўручылі ім са­лод­кія падарункі, якія сабралі людзі з добрымі сэрцамі.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.