Новы год выконвае жаданні | Дзяннiца

Новы год выконвае жаданні

Версия для печатиВерсия для печати

Упэўнена крочыць па Шчучыншчыне рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Сёння яна прыйшла і ў раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, які знаходзіцца ў Ляшчанцы. 
    У навагоднім карагодзе ля ёлкі-прыгажуні закружыліся 17 выхаванцаў гэтай установы. Прыгожае прадстаўленне наладзілі для хлопчыкаў і дзяўчынак педагогі і работнікі цэнтра, а жаданымі гасцямі на свяце сталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.І. Ушкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк, старшыня райкама работнікаў АПК, кіраўнік раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Г.Ф. Шандроха, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Р. Дубок, прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый раёна.

Па добрай традыцыі ўсе гэтыя службовыя асобы прыехалі сюды, каб раздзяліць з дзеткамі радасць навагоддзя і калядных святаў і выканаць іх жаданні. 
    -- У гэтыя дні па ўсёй краіне праходзяць такія мерапрыемствы для маленькіх жыхароў нашай дзяржавы, -- адзначыў Сяргей Іосіфавіч. Ён шчыра павіншаваў усіх з любімымі святамі, а таксама выказаў надзею, што дарослыя зробяць усё дзеля шчаслівай будучыні дзяцей. 
    Звяртаючыся да супрацоўнікаў і выхаванцаў цэнтра, госці дзякавалі за клопат і ласку першым, а другім жадалі расці здаровымі і шчаслівымі побач са сваімі бацькамі, і каб утульны будынак цэнтра для іх стаў толькі часовым домам. Яны ўручылі як індывідуальныя, так і агульныя падарункі.
    Яркімі агеньчыкамі ззяла ёлка. Было многа радасці, смеху, музыкі. Дзяцей забаўлялі Дзед Мароз са Снягуркай, іншыя любімыя казачныя персанажы. Расчуліла маленькая Віталіна, якая старанна выконвала танцавальныя па, а праз некалькі мінут раптам кінулася да выхаду з крыкам “Паглядзіце, мама!”. У залу яна вярнулася ўжо ў новай прыгожай сукенцы і, падыходзячы да дарослых і сяброў з прытулку, абвяшчала самае для яе важнае: “Паглядзіце, мама пашыла”. Вочкі малой свяціліся шчасцем...
    Таццяна ПАЛУБЯТКА.
    Фота аўтара.