Заблішчы агнямі, ёлка! | Дзяннiца

Заблішчы агнямі, ёлка!

Версия для печатиВерсия для печати

Цікавае святочнае прадстаўленне для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ладзілася ў Шчучынскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі маглі не толькі паназіраць за прыгодамі Снягурачкі і яе сяброў, але і стаць непасрэднымі ўдзельнікамі гэтага казачнага дзейства. 
  З навагоднімі святамі павіншавала дзяцей і дарослых намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько. Яна пажадала дзецям быць здаровымі і шчаслівымі, а ў навагоднюю ноч абавязкова знайсці пад ялінкай той падарунак, які яны прасілі ў Дзеда Мароза.

  Песні, танцы, гульні захапілі рабят. Цудоўны настрой не магла сапсаваць нават Чорная каралева, якая пакрыўдзілася на дзяцей за тое, што яны быццам не паклікалі яе на свята. Яна прыгразіла Снягурачцы, хлопчыкам і дзяўчынкам, што не верне ім сімвал 2016 года – малпачку, калі яны не адгадаюць тры яе загадкі. Не на тых напала злая чараўніца! Рабяты з лёгкасцю выканалі яе заданні. А дапамаглі ім у гэтым казачныя героі. Каралева стрымала сваё слова – малпачка закружылася ў карагодзе разам з дзецьмі. 
  На дабрачынную ёлку завітаў і Дзед Мароз з падарункамі. Дзядуля з задавальненнем вадзіў з дзецьмі карагоды, танцаваў і загадваў загадкі. 
  Усе юныя ўдзельнікі ўрачыстасці атрымалі падарункі, што падрыхтавалі для іх школьнікі, якія прынялі ўдзел у раённай акцыі БРСМ "Падарунак сябру". А пра слодычы для дзяцей паклапаціўся Шчучынскі райвыканкам.  
  Не разгубіцца на свяце і адчуваць сябе свабодна дапамагалі дзецям валанцёры з СШ №3 г. Шчучына.
  ***
  Напярэдадні свят ніводнае дзіця не засталося без увагі. На дабрачынную ёлку сабраліся і выхаванцы Шчучынскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Святочнае прадстаўленне падрыхтавалі для іх Дзед Мароз са Снягурачкай, а таксама выхаванцы Астрынскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і вучні Васілішкаўскай СШ. Падарункі дзецям уручылі першы сакратар РК БРСМ Алена Богдзель, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі К.Ч. Дзенуць і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Л.В. Жылінская. Сувеніры для сваіх даўніх сяброў перадалі і валанцёры атрада "Экас" з гімназіі. 
  Ганна РУДСКАЯ.
  Фота аўтара.