"Я паважаю ваш вопыт у бізнесе", – сказаў нашым старэйшым прадпрымальнікам міністр эканомікі У.І. Зіноўскі | Дзяннiца

"Я паважаю ваш вопыт у бізнесе", – сказаў нашым старэйшым прадпрымальнікам міністр эканомікі У.І. Зіноўскі

Версия для печатиВерсия для печати

Сёння прыём грамадзян у Шчучынскім райвыканкаме праводзіў міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь. Магчымасцю абмеркаваць хвалюючыя пытанні з Уладзімірам Іванавічам Зіноўскім скарысталіся шэсць чалавек. 
  Сярод іх – дырэктар ААТ "Шчучынаграпрадукт", кандыдат эканамічных навук  Б.М. Куц, старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі прадпрымальнікаў, кіраўнік Шчучынскага бізнес-інкубатара І.У. Чарнякоў, дырэктары прыватных прадпрыемстваў "Вектар" і "АрэолСтарт" У.Р. Сільвановіч і М.А. Арлова, жыхары аграгарадкоў. У кожнага з іх – свае прапановы па развіцці рэгіёна, стварэнні новых працоўных месцаў, выкараненні тых недахопаў, якіх яшчэ хапае ў нашым жыцці. 

  Да прыкладу, у дыялогу з жыхаром Галавічполя Г.А. Бялко міністр шчыра пагадзіўся, што зусім не лішнім было б зараз адрадзіць традыцыі такога руху, як народны кантроль.
  – Мне імпануе, што на Шчучыншчыне жывуць нераўнадушныя людзі, зацікаўленыя ў росквіце нашай Беларусі, – шчыра прызнаўся У.І. Зіноўскі.
  А вось з прадстаўнікамі бізнесу завязалася сур'ёзная размова аб існуючым заканадаўстве і магчымасцях яго ўдасканалення, рэалізацыі Дырэктывы №4, падтрымцы дзелавой ініцыятывы на месцах. Так, па словах міністра эканомікі, зараз ва Урадзе прапрацоўваюцца магчымасці, каб добрасумленным прадпрымальнікам бязвыплатна перадаць пад вытворчыя плошчы пустуючыя аб'екты былых ваенных часцей. Увогуле стаўка робіцца на развіццё вытворчага бізнесу, а вось патрабаванні да тых, хто працуе па прымітыўнай схеме "купіў на Чаркізоне – прадаў у раёне", будуць, як вядома, узмацняцца.
  Узнімаліся праблемы дэбюракратызацыі, праверак прыватных прадпрыемстваў рознымі службамі і ведамствамі, штрафных санкцый, канкурэнцыі пры роўных магчымасцях. У.І. Зіноўскі паабяцаў, што многія з пачэрпнутых у Шчучыне тэм стануць прадметам абмеркавання на ўзроўні як міністэрства эканомікі, так і іншых міністэрстваў.
  – Я вельмі цаню ваш вопыт, – сказаў Уладзімір Іванавіч Марыне Анатольеўне Арловай, якая ўжо 24 гады працуе ў бізнесе, займаецца дабрачыннасцю, добрасумленна плаціць падаткі. Тое ж можна сказаць і пра многіх іншых прадпрымальнікаў.
   Прыём грамадзян міністру эканомікі дапамагалі весці намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама А.А. Агей, старшыня Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчнік і яго намеснік па эканоміцы А.В. Садоўскі.
  Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
  Фота аўтара.