Па навагодняе дрэўца – на ёлачны базар | Дзяннiца

Па навагодняе дрэўца – на ёлачны базар

Версия для печатиВерсия для печати

 Каля трох тысяч елачак плануе рэалізаваць Шчучынскі лясгас напярэдадні навагодніх святаў 
  – Гандаль ляснымі дрэўцамі пачнецца з 21 снежня, – расказвае інжынер па ахове лесу Шчучынскага лясгаса Вадзім Вікенцьевіч Леаневіч. – Як звычайна, будуць працаваць ёлачныя базары: у Шчучыне – каля міні-рынка "Раніца" і каля адміністрацыйнага будынка Шчучынскага лясніцтва, а на тэрыторыі раёна – каля адміністрацыйных будынкаў Васілішкаўскага, Ражанкаўскага, Астрынскага, Жалудоцкага, Дэмбраўскага і Зачэпіцкага лясніцтваў. Гродзенцы таксама змогуць набыць шчучынскія елачкі: у абласным цэнтры адкрыюцца дзве гандлёвыя кропкі Шчучынскага лясгаса. Сёлета пакупнікам прапануюцца толькі зрэзаныя елкі, дрэўцы ў кадках прадавацца не будуць. 

  Вырошчваліся зялёныя прыгажуні, прызначаныя для продажу, на плошчы каля 17,5 га ў гадавальніку, а таксама на спецыяльных плантацыях. Нарыхтоўка елак арганізавана і ў тых месцах, дзе праходзяць лініі электраперадач, вядуцца рубкі. 
  Катэгарычна забаронена саманарыхтоўка навагодніх дрэўцаў. Да парушальнікаў будуць прымяняцца санкцыі артыкула 15.22 Адміністрацыйнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь. Для кантролю над сітуацыяй у пераднавагоднія дні праводзяцца рэйды. У раёне створаны мабільны перасоўны пост, члены якога – спецыялісты інспекцыі расліннага і жывёльнага свету, супрацоўнікі РАУС – будуць правяраць аўтамабілі для выяўлення парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. 
  Такім чынам, калі вы не з'яўляецеся прыхільнікам штучных дрэўцаў, а хочаце адчуваць у доме пах лясной ялінкі, набывайце зялёную прыгажуню законным шляхам і пазбаўце сябе ад непатрэбных непрыемнасцей. 
  Ганна РУДСКАЯ.


  Кошт навагодніх ялінак на ёлачным базары каля міні-рынка "Раніца" у Шчучыне:
  да аднаго метра – 85 000 рублёў,
  ад метра да двух – 110 000 рублёў,
  ад двух метраў да трох – 165 000 рублёў,
  ад трох метраў да чатырох – 235 000 рублёў.
  
  Кошт навагодніх ялінак у лясніцтвах:
  да аднаго метра – 55 000 рублёў,
  ад метра да двух – 70000 рублёў,
  ад двух метраў да трох – 105 000 рублёў,
  ад трох метраў да чатырох – 140 000 рублёў.
  
  У Навадворскім і Першамайскім лясніцтвах Лідскага лясгаса елкі вышынёю да метра будуць каштаваць 54 000 рублёў, ад метра да двух – 72 000 рублёў, ад двух да трох --  90 000 рублёў.